Ад справы патрыётаў да справы прафсаюзаў (абноўлена)
Каб Беларусь не стала Азербайджанам. У Варшаве ў межах вялікай падзеі, арганізаванай БДІПЧ АБСЕ, прайшла канферэнцыя з удзелам беларускіх праваабаронцаў. Асноўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне рэпрэсіяў у Беларусі, узгадалі “справу патрыётаў”, а таксама і “справу прафсаюзаў”.
Кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі таксама нагадаў, што ў Беларусі ёсць тры палітвязні – гэта Ігар Комлік, Зміцер Паліенка ды Міхаіл Жамчужны, і міжнародная грамадскасць не павінна пра гэта забываць. Тым не менш, апошнім часам Захад усё больш схільны не рэагаваць востра на рэпрэсіі ў Беларусі.
– Гэта можа прывесці да яўных двайных стандартаў па ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, чаго раней не было. Так склалася, што нягледзячы на недэмакратычную супольнасць з Беларусі, недэмакратычную дзяржаву, недэмакратычны беларускі рэжым, тым не менш, ацэнкі былі дастаткова аб’ектыўныя і адкрытыя. І для нас гэта была сур’ёзная падтрымка нашай дзейнасці. Бо гэта вельмі важны момант, каб ацэнкі былі праўдзівымі і аб’ектыўнымі. Каб не адбывалася таго, што адбываецца зараз у Азербайджане. Калі мы бачым, што ёсць дзясяткі палітычных зняволеных, і ў той жа час азербайджанскія ўлады актыўна кантактуюць з еўрапейскімі палітыкамі, улазяць у нейкія карупцыйныя скандалы. Азербайджан з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, і ў той жа час у краіне адбываюцца масавыя парушэнні правоў чалавека. Зразумела, што гэта сыходзіць з геапалітыкі.
РР: На Вашую думку, чым можа скончыцца “справа прафсаюзаў”?
Алесь Бяляцкі: Канешне, па прафсаюзах стукнулі не проста так, а з улікам іхнай актыўнай пазіцыі, з улікам верагодных акцый, нейкага магчымага напружання ў гэтую восень ці ў наступную вясну. Улады робяць папераджальныя крокі, якія маглі б напалохаць грамадзянскую супольнасць і абяззброіць незалежныя прафсаюзы. Сама ж справа мае відавочны палітычны кантэкст.
Алесь Бяляцкі зазначыў, што лёс прафсаюзных дзеячоў Ігара Комліка, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА, і Генадзя Фядыніча, які знаходзіцца пад следствам, залежыць перадусім ад рэакцыі беларускага грамадства і ціску міжнароднай супольнасці.
устаршыня арганізацыі «Беларускі дом у Варшаве» Алесь Зарэмбюк тлумачыць, што апошнім часам прадстаўнікі Лукашэнкі на Захадзе актыўна стараюцца падаваць рэпрэсіі як непалітычныя справы, у той час, як ціск на грамадства не спыняецца.
— Рэпрэсіі ў Беларусі былі ёсць і будуць пакуль тыя альбо іншыя дзеянні грамадзянскай супольнасці будуць пагрозай для існавання сённяшняга аўтарытарнага ладу. Нягледзячы на збліжэнне з Захада улада Беларусі і афіцыйны Менск вельмі ўдала спрабуе рэпрэсаваць грамадзянскую супольнасць.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Правы чалавека ў Беларусі – ад “справы патрыётаў” да “справы прафсаюзаў”. Так гучыць назва канферэнцыі, якая сёння пройдзе ў Варшаве.
Гаворыць суарганізатар мерапрыемства ад Беларускага Дома ў Варшаве Уладзімір Кобец:
— У Беларусі апрача палітычных зняволеных, прызнаных афіцыйна, гэта Паліенка, Жамчужны, Ігар Комлік, увесну гэтага года адбыліся масавыя арышты, якія назіральнікі параўналі з падзеямі снежня 2010 года. Была ўзбуджана крымінальная справа, так званая «справа патрыётаў», другой справай была справа, узбуджаная супраць незалежных прафсаюзаў. Найперш гэта прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці. Супраць яго кіраўніцтва, супраць Генадзя Фядыніча, лідара прафсаюза і бухгалтара Ігара Комліка, які трапіў ў вязніцу.
Праваабарончая канферэнцыя адбываецца ў рамках Сустрэчы па чалавечым вымярэнні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларускі бок на ёй прадстаўлены шэрагам праваабаронцаў:
— Нашы спікеры: лідар праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідар праваабарончай арганізацыі «Праваая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, кіраўнічка Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі Пры гэтым мадэраваць мерапрыемства будзе прэзідэнт Польскага фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі.
Канферэнцыя распачнецца сёння пасля поўдня ў будынку варшаўскага нацыянальнага стадыёна.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя