Ада Райчонак святкуе 80-гадовы юбілей



10 красавіка 80-гадовы юбілей адзначае вядомая беларуская грамадская дзяячка Ада Райчонак. Грамадскай дзейнасцю яна пачала займацца з 1990 года. У 2010-м германавіцкая асветніца стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», якую ўручае «Рух за Свабоду».

Сваёй галоўнай заслугай Ада Райчонак лічыць  заснаванне культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча і папулярызацыю яго імя і  творчасці.

— Я ўпершыню пачула пра Язэпа Драздовіча ад Марачкіных. Я ніколі не думала, што мой лёс будзе звязаны з Язэпам Драздовічам. Мы арганізавалі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча. Правялі 25 мастацкіх пленэраў. Усе пленэры былі драздовіцкія, але былі прысвечаны выбітным сынам і дочкам Беларусі. І Язэпу Драздовічу мы таксама прысвяцілі пленэраў 5.

Ада Райчонак з сябрамі і паплечнікамі (у цэнтры)

Першы пленэр, прысвечаны Язэпу Драздовічу, адбыўся ў Пуньках і Ліплянах, на радзіме мастака. Ада Райчонак узгадвае пра гэта з асаблівай пяшчотай на магіле мастака і этнографа.

— Па першым пленэры нават пастаўлены фільм. Вельмі цікавы. І тут, на першым пленэры, было шмат жыхароў Малых Давыдак і Ліплян. Усе гэтыя бабулькі і спявалі тут і маліліся. Мы рабілі ўсё, каб было вядомае імя Язэпа Драздовіча. Мы рабілі гэта з мастакамі, з журналістамі, з навукоўцамі, — з усімі разам працавалі. Мы правялі адну вялікую навуковую канферэнцыю, прысвечаную Язэпу Драздовічу, і нават выпусцілі кніжку, дзе сабраныя ўсе даклады па Язэпу Драздовічу. Я вельмі рада, што і мая праца, і праца майго Міхася, мае плён, мае працяг, і будзе працяг. Ужо з’явіліся вуліцы, якія названы іменем Язэпа Дзраздовча.

Ада Райчонак на магіле Язэпа Драздовіча

Беларускі Леанарда да Вінчы, як называюць некаторыя Язэпа Драздовіча, у вобразе «вечнага вандроўніка» дайшоў і да Менска. Гэтаму таксама паспрыяла і Ада Эльеўна Райчонак.

— Я рада, што ў Менску стаіць скульптура «Вечны вандроўнік», у ажыццяўленні якой мне пашчасціла прымаць удзел. Ведаеце, калі святкавалі юбілей Драздовіча, я пазнаёмілася са студэнтам мастацкай акадэміі Ігарам Голубевым. Мы з ім хадзілі па вёсках, збіралі матэрыял. І вось ён зрабіў тую скульптуру, гэтая была ягоная дыпломная праца. Я сем разоў ездзіла да рэктара і прасіла, каб яе не знішчалі, каб паставілі яе ў метале. А яна была зробленая ў пластыліне. І трэба было 2 тысячы долараў на гэтую скульптуру. Сельсавет абяцаў даць тысячу, калгас абяцаў даць тысячу, але абяцанкі-цацанкі зацягнулі да новага года і яна стала ўжо каштаваць 12 тысяч. А такое мне не пад сілу. І прыехалі да мяне Навум Гальпяровіч і Лявон Баршчэўскі. Я ў слёзы: «Хлопцы, дапамажыце». Тады Фонд беларускай культуры ўзначальваў Чыгрынаў, і мы звярнуліся да яго. А пакуль збіралі грошы, скульптура стала каштаваць ужо 37 тысяч. І дзякуючы падтрымцы беларусаў гэтыя грошы сабралі. Вы не можаце ўявіць, якая была ў мяне радасць, калі я прыехала забіраць тую скульптуру. А потым яе паставілі ў Траецкім прадмесці, каля моста. Я, калі прыязджаю, дык думаю: вось і мая праца будзе тут,  у гэтым помніку, і я ганаруся гэтым.

Не толькі адным культурніцкім цэнтрам абмяжоўваецца праца Ады Райчонак. Акрамя гэтага на Віцебшчыне яна разам з паплечнікамі ладзіць мастацкія пленэры, бардаўскія фэсты, навуковыя канферэнцыі.

— У мяне з’явілася шмат сяброў. Наш цэнтр імя Язэпа Драздовіча не толькі праводзіць пленэры, мы праводзім бульбяныя фэсты, краязнаўчую канферэнцыю, выпускалі газету «Бацькаўшчына», дзе друкаваліся краязнаўчыя матэрыялы. Нешта робім, стараемся.

Паводле Ады Райчонак, яна і надалей будзе працаваць на карысць Беларусі. У бліжэйшы час  грамадская актывістка рыхтуецца да бардаўскага фэсту, які пройдзе ў пачатку чэрвеня на Шаркоўшчыне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара