Адам Бяляцкі арыштаваны на 15 сутак



За адзіночны пікет у падтрымку палітвязняў Адам Бяляцкі — сын кіраўніка пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага — засуджаны да 15 сутак арышту.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале „Вясны”, 14 траўня такое рашэнне прыняла суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Марыя Ярохіна.

Увечары 13 траўня каля станцыі метро „Каменная Горка” Адам Бяляцкі выйшаў на адзіночны пікет. Ён нейкі час моўчкі стаяў каля выхаду з падземнага пераходу з плакатам у падтрымку палітзняволеных журналістак Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, а таксама палітзняволенай шматдзетнай маці Вольгі Залатар.

Адама затрымалі і склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 24.23 КоАП). Да суда яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

Праваабаронцы адзначаюць, што падчас суда, які праходзіў анлайн, Бяляцкага ўдарыў ахоўнік. У нейкі момант на працэсе паўсталі праблемы з сувяззю, таму Адам не пачуў пытання суддзі і маўчаў у адказ. „У гэты момант ахоўнік ударыў яго так, каб не было відаць на відэа. Назіральнік, які ў гэты час быў у зале суда, пачуў, як Адам сказаў ахоўніку: „Біць нельга!”, а затым заявіў пра гэта суддзі. Суддзя Марыя Ярохіна ніякім чынам не адрэагавала на заяву арыштаванага”, — гаворыцца ў паведамленні „Вясны”.

belapan.by