Адамовіч запрашае Пазьняка вярнуцца ў Беларусь на святкаванне стагоддзя БНР
Пра гэта ідзе гаворка ў лісце, які паэт і грамадскі актывіст Славамір Адамовіч даслаў у рэдакцыю «Новага часу».
Адкрыты ліст да беларускага нацыянальнага лідара ў выгнанні Зянона Пазьняка
Паважаны Зянон Станіслававіч! Я не ведаю ўсіх нюансаў Вашага шматгадовага знаходжання за межамі Бацькаўшчыны, але, грунтуючыся на ўласным досведзе выжывання паводле Дублінскай Канвенцыі 1990 году і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, бяру на сябе смеласць прапанаваць Вам наведаць нашу краіну з нагоды святкавання надзвычайнай даты ў гісторыі нашага народу — 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР.
Ведаю, што такая прапанова многімі нядобразычліўцамі будзе расцэненая як «чарговая правакацыя». Гэта не навіна для мяне. Аднак я ведаю і тое, што словы без справаў мёртвыя. Вядома, не мне Вам тлумачыць, што на 24-м годзе жыцця пад рэжымам унутранай акупацыі адбываецца глыбокая сацыяльная, палітычная, канфесійная і ўрэшце духоўная атамізацыя грамадства. Перш за ўсё з прычыны нечуванага нацыянальнага прыгнёту і татальнай русіфікацыі. Дух народу сцяты ў абцугах самадура-пракуратара і яго клікі, але не да безнадзейнасці. У нас, беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў, ёсць магчымасць перавесці патэнцыйную энергію 2018 году як Году БНР у кінетычную з пастаяннай дынамікай росту. Іншымі словамі, Вас, Зянон Станіслававіч, чакаюць нават тыя, хто ўжо даўно і незваротна паставіў толькі на ўласныя сілы. Самае кур’ёзнае, бадай, у тым, што Вашаму прыезду спрыяе і ўвядзенне так званага бязвізу на нашай заходняй мяжы. Варта толькі пісьменна выкарыстаць сітуацыю.
Не сумняваюся: калі аднойчы мы пачуем, што Зянон Пазьняк сёлета збіраецца наведаць Беларусь, то нават не дзясяткі, а сотні аўто Вашых прыхільнікаў, апалагетаў і проста суайчыннікаў гатовыя будуць сустрэць Вас на любым памежным пункце пропуску і забяспечаць належны эскорт. Менавіта Ваш прыезд у Беларусь з паўнамоцтвамі ад Рады БНР альбо ўласна яе прадстаўнікамі стаўся б найярчэйшым і найістотным момантам адзначэння сотай гадавіны з часу прыняцця Трэцяй Устаўной Граматы.
З свайго боку ў выпадку Вашага прыезду гарантую Вам самы цёплы прыём у самым цэнтры Беларусі — у Мар’інай Горцы, а таксама калектыўнае фота на фоне бела-чырвона-белага сьцяга, які і сёння лунае на сцягары на маёй беларускай сядзібе.
Спакойнага ўезду і прыязных памежнікаў, Зянон Станіслававіч!
Паводле novychas.by