Адбудзецца візіт Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Ватыкан
У наступным годзе Віцебскі біскуп Алег Буткевіч разам з іншымі біскупамі сустрэнецца з Папам Рымскім Францішкам. На гэтай сустрэчы будзе абмяркоўвацца візіт апошняга ў Беларусь. Пра гэта ён распавёў журналістам на традыцыйнай перадкаляднай прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Віцебскай катэдры. У ёй бралі ўдзел як незалежныя журналісты, так і прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы.
Паводле біскупа Алега Буткевіча, візіт Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў да Папы Рымскага будзе значнай падзеяй не толькі для Віцебскай дыяцэзіі, але і для ўсёй Беларусі. Апошні падобны візіт быў толькі ў 2009 годзе.
– Адным з важнейшых пунктаў гэтага візіту будзе сустрэча з Папам Рымскім. І, канешне ж, гэты візіт – свайго роду справаздача за той мінулы перыяд дзейнасці касцёла ў той ці іншай краіне. Гэта вельмі адказны момант, але адначасова гэта такі момант, які дае магчымасць дакрануцца да гісторыі, крыніцаў хрысціянства – сталіцы святога апостала Пятра, які стаў у свой час камянём, на якім пабудаваны Каталіцкі касцёл.
На сустрэчы Алег Буткевіч выказаўся і пра “замкнёнае кола” пры ўзгадненні з уладамі праекта касцёла Святога Антонія ў Віцебску. Пакуль асаблівых зрухаў у гэтым кірунку няма, таму яны не могуць распачаць збор сродкаў. Але, як зазначыў біскуп, ён спадзяецца, што гэта ўсё ж часовыя цяжкасці.
Таксама іерарх адзначыў важныя падзеі мінулага года ў Віцебскай дыяцэзіі, распавёў пра планы на наступны. Потым павіншаваў прысутных з надыходзячым святам і падзяліўся з імі аплаткам.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара