У Паставах пахавалі Антона Фурса
На новых могілках у Паставах каля вёскі Кашыца 20 кастрычніка пахавалі Антона Фурса. Ён вядомы як дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі “Саюз беларускіх патрыётаў”. Яе стварылі ў той час глыбоцкія і пастаўскія студэнты.
Памёр Антон Фурс 19 кастрычніка на 95-м годзе жыцця ад каронавірусу ў Паставах. На пахаванні беларускага патрыёта прысутнічала каля 25 чалавек, сярод якіх былі яго родныя, сябры і грамадскія актывісты.
Кажа пастаўскі краязнаўца Міхась Гіль:
– Кашыцы вёска там, за Паставамі адразу, за запраўкай, можа менш кіламетра. У дзве гадзіны ксёндз асвяціў… Раптоўна памёр, трэба было адразу хаваць, нават стол жалобны не рабілі.
Паводле пастаўчаніна Вадзіма Шышко, Антон Фурс запомніўся яму як спакойны, разважлівы і ўпарты беларус.
– Ён як чалавек сапраўды такі загадкавы быў. Ён быў спакойны, выдатна разумеў сітуацыю ў краіне. Ён вельмі добра бачыў і разумеў патэнцыял нашага народу на сённяшні дзень. Ён быў у партыі беларусаў, менавіта таму ён яшчэ ў маладосці стварыў гэтую суполку, і пранёс гэта праз усё сваё жыццё.
За сваю дзейнасць у 1947 Антон Фурс быў асуджаны саветамі на 15 год, з якіх адседзеў 9 і быў вызвалены пасля смерці Сталіна. Ён і ў паважныя гады свайго жыцця цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, наведваў сходы пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы ды іншыя беларускія імпрэзы.
Беларускае Радыё Рацыя