Адбылася першая “Зялёная гулянка” ў Беларусі
Упершыню ў Беларусі ў фермерскай гаспадарцы “Верас” Зэльвенскага раёна адбылася “Зялёная гулянка” (Organicparty) — адно з мерапрыемстваў інфакампаніі “Простыя рэчы”, якая рэалізуецца беларускім грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы” і Міністэрствам спорту і турызму ў рамках праекта ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”.
Сядзіба “Верас” на Зэльвеншчыне выбрана невыпадкова. Яна – адна з самых вядомых аграсядзібаў, і, што вельмі важна, першая ў Беларусі сядзіба-фермерская гаспадарка. Яе гаспадары – Ірына І Міхась Макеі, былі першапраходцамі аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь.
“Зялёная гулянка” ў “Верасе” пачалася з экскурсіі ў Сынковіцкую Свята-Міхайлаўскую царкву, што знаходзіцца побач з сядзібай. А потым гулянка адбывалася на вялікай і прыгожай сядзібе “Верас” і была падзелена на некалькі тэматычных блокаў-участкаў. Адзін з іх — “Смачна есці!” прапаноўваў смачную, экалагічна чыстую ежу, а не фастфуд, выкарыстоўваючы традыцыйныя рэцэпты.
Другі блок — “Працуй арганічна” — заахвочваў удзельнікаў імпрэзы будаваць жыллё з улікам зялёных тэхналогій і выкарыстаннем экалагічных матэрыялаў, улічваючы пры гэтым энергаэфектыўнасць з выкарыстоўваннем альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
Блок “Адпачывай арганічна” расказаў пра магчымасці адпачынку на прыродзе і ў гармоніі з прыродай.
Падчас “Зялёнай гулянкі” на сядзібе адбыўся і “круглы стол”, а таксама прэс-канферэнцыя “Зялёная філасофія – сучаснае і будучае аграэкатурыстычнага бізнесу” з удзелам экспертаў па аграэкатурызму, гісторыка-культурнай спадчыне, арганічнаму земляробству, кіраванню воднымі рэсурсамі, энергаэфектыўнасці і г.д.
На “Зялёнай гулянцы” да вечара працавалі майстры-класы па абрадавай ляльцы, па пляценню, па вырабах з гліны, ткацтву паясоў, вышыванню, пляцэнню саломкай, па гатаванню караваеў. Дзейнічалі і дзіцячыя школа аграэкатурызму, пляцоўкі для гульняў, трэнінгі па прыродаахоўным заканадаўстве экасертыфікацыі сядзіб, якія правялі сябры ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і БГА “Адпачынак у вёсцы”. Усех гасцей свята шчыра весялілі канцэрты фальклорных калектываў. І саме галоўнае, што “Зялёная гулянка” адбывалася на роднай мове.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара.