Адбылося ўручэнне ўзнагарод Global Belarusian Solidarity Award
28 сакавіка прайшла цырымонія ўручэння ўзнагарод Global Belarusian Solidarity Award, арганізаваная Цэнтрам Беларускай Салідарнасці (Варшава). Ствараючы гэтую прэмію, арганізатары ставілі сабе за мэту адрэфлексаваць мінулы, абсалютна выключны для беларускага грамадства год. Гэта ўзнагарода магла б дастацца кожнаму, хто адкрыў у сабе ашаламляльную ўнутраную сілу для барацьбы з цемрай і хамствам.
Падчас народнага галасавання было абрана 10 пераможцаў. Імі сталі:
1. Лінас Лінкявічус. Намінацыя “Растоплены лёд” для тых, чыя воля і палітычная сіла дапамагае растапіць лёд дыктатуры ў Беларусі.
2. Валанцёры Акрэсціна-Жодзіна. Намінацыя “Стварэнне немагчымага” для смелых ініцыятываў, якія мы нават не маглі сабе ўявіць яшчэ год таму, а цяпер гэта наша моц і надзея.
3. Максім Кац. Намінацыя “Погляд звонку” для замежных журналістаў і блогераў, дзякуючы працы якіх увесь свет сачыў за нашай барацьбой.
4. Белсат. Намінацыя “Без межаў” для СМІ за межамі нашай краіны, дзякуючы якім свет суперажываў і дапамагаў беларусам.
5. “Хтосьці” Сцяпан Пуціла. Намінацыя “Вам тэлеграма” для тых, хто даносіў да беларусаў праўду нягледзячы ні на якія перашкоды.
6. Сяргей Чалы. Намінацыя “Голас розуму” для тых, хто ў шалёныя часы рэвалюцыі здолеў захаваць цвярозы розум і не паддацца эмоцыям.
7. Дваровыя канцэрты. Намінацыя “Крэатыўны супраціў” для тых, хто сваёй творчай энергіяй нішчыў турмы муры і даваў надзею.
8. Тадэвуш Кандрусевіч. Намінацыя “З верай у сэрцы” для тых, хто не згубіў веру ў святло ў самую цёмную гадзіну перад беларускім світанкам.
9. Марыя Калеснікава. Намінацыя “Учынак” для тых, хто сваім прыкладам натхніў мільёны беларусаў. Гэта людзі, якімі мы захапляемся.
10. Сяргей Міронаў “Хлопотное Дельце”. Намінацыя «Смех скрозь слёзы» для тых, хто нягледзячы на ўвесь змрок, якім быў ахутаны мінулы год, выклікаў у нас усмешкі.
Спецыяльную ўзнагароду за прапанову новага плана Маршала і праграмы “Салідарныя з Беларуссю” атрымаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Падчас цырымоніі выступілі: міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, намеснік дырэктара тэлеканала „Белсат” Аляксей Дзікавіцкі, музыка Павел Аракелян.
Паводле прэс-рэлізу