Адбыліся суды над грамадскімі актывістамі Глыбокага і Паставаў



16 лістапада адбыўся суд над грамадскім актывістам з Глыбокага Паўлам Лаўрыновічам. Яго затрымалі ў пятніцу, 13 лістапада, пасля акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Глыбокім. Аляксандру Шымко пасля складання пратаколу глыбоцкія міліцыянты адпусцілі, яны ўлічылі тое, што яна мае маленькае дзіця.

Павел Лаўрыновіч з жонкай у Глыбоцкім судзе

Як кажа Павел Лаўрыновіч, міліцыянты прыехалі да яго дадому, каб адвезці на гутарку ў Глыбоцкі РАУС. І там пакінулі на трое сутак да суду:

– Прыехалі дамоў увечары, забралі з дому. Павезлі на гутарку і там адразу склалі пратакол за ўдзел у “пікетаванні”, як яны кажуць. Адседзеў трое сутак, і вось сёння далі 30 базавых штрафу.

РР:  А хто быў суддзёй у вас?

– Людміла Вашчанка.

16 лістапада таксама адбыўся суд над пастаўскімі актывістамі, затрыманымі 13 лістапада пасля акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Працэсы над імі вялі суддзі Анатоль Карытка і Наталля Максімовіч. Падтрымаць актывістаў прыйшло каля 20 чалавек.

Сняжану Марозаву пастаўскі суд пакараў 45 базавымі велічынямі штрафу (1215 беларускіх рублёў), Дзяніса Цыбульскага  10 суткамі арышту, Уладзіміру Лашчонку далі 8 базавых велічыняў штрафу (216 беларускіх рублёў). А суд над Анатолем Астроўскім перанеслі на пятніцу ў сувязі са станам яго здароўя.

У панядзелак з Докшыцкага ІЧУ выпусцілі да суду ўсіх затрыманых падчас акцыі памяці ў Докшыцах. Глыбоцкі суд іх адмовіўся судзіць, а ў Докшыцкім судзе адзіны суддзя і той на каранціне, таму ім давядзецца пачакаць, пакуль ён выйдзе на працу.

Докшыцкія актывісты на волі

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя