Адбыліся суды над затрыманымі пратэстоўцамі падчас нядзельнай акцыі ў Глыбокім
Яны ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрымання ад адных да трох сутак. Пасля чаго над імі адбыліся суды, і ім далі папярэджанні суддзі Станіслаў Трапук і Андрэй Тарасевіч. Толькі мужа журналісткі Таццяны Смоткінай трымалі даўжэй за ўсіх, роўна трое сутак. Пасля гэтага адвезлі яго ў суд, а там сказалі, што суддзя знаходзіцца ў дарадчым пакоі і суд пераносіцца на наступны дзень.
1 кастрычніка Арнольда Смоткіна суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч пакараў дзесяццю базавымі велічынямі штрафу, што складае 270 беларускіх рублёў
– Я чакаў, нават гатовы быў на суткі. Так суддзя вырашыў. Судзіў суддзя Тарасевіч. Суд прайшоў вельмі хутка. Чакаў, што часу будзе болей.
Студэнтку і грамадскую актывістку Алесю Бука з Глыбоччыны таксама судзіў Андрэй Тарасевіч, але 28 верасня напрыканцы рабочага дня. У РАУСе яна знаходзілася суткі:
– Без пятнаццаці шэсць за мной прыйшлі і сказалі, што ў вас будзе суд, збірайцеся. Мяне проста вывелі. Рэчы я пакінула. І паехалі, вельмі хутка прыехалі туды. Вельмі хутка арганізавалі суд. Суд быў спантанны і нефармальны. Бо суддзя адразу пачаў рабіць наезды на мяне, маўляў, ну што вы там хадзілі, ну што вы там насілі забароненую сімволіку, што вы не ведаеце, які час сёння. Ну і я адказвала яму ў прынцыпе ў такім жа тоне.
Да ўсіх пратэстоўцаў, калі яны сядзелі ў Глыбоцкім ізалятары часовага ўтрымання, прыходзіла памочнік пракурора, праводзіла з імі гутаркі пра наступствы паўторнага ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Ва ўсіх пратэстоўцаў, якія былі з бел-чырвона-белымі сцягамі, іх канфіскавалі праз суды.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя