Адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту Чарнобыльскага шляху (абноўлена)



У 35-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі грамадству неабходна нагадаць аб гэтай трагедыі. Па словах старшыні Беларускай партыі Зялёныя Змітра Кучука, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных партыяў, нягледзячы на магчымае процідзеянне ўладаў, пачалі падрыхтоўку да правядзення традыцыйнага Чарнобыльскага шляху.

– У гэтым годзе 35 гадоў чарнобыльскай катастрофе. Гэта самая вялікая тэхнагенная катастрофа, якая была ў гісторыі чалавецтва. І беларусы больш за ўсіх ад яе пацярпелі. Таму традыцыйна дэмакратычныя палітычныя партыі заўсёды з гэтай нагода праводзілі мерапрыемствы, ладзілі само шэсце, праводзілі розныя выставы, канферэнцыі. У адрозненні ад улады, якая калі пачала будаваць Беларускую атамную станцыю, то тэма Чарнобыля сышла на другі план. Былі заявы нават, што ўсё ўжо мінула і нават з радыяцыяй няма праблемы.

А на самой  справе забруджаныя тэрыторыі, дзе нельга вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю, збіраць ягада і грыбы, ёсць і зараз.  Да таго ж, беларускія ўлады, у адрозненне ад расейскіх і ўкраінскіх, пазбавілі льготаў ліквідатараў наступстваў катастрофы, – кажа Зміцер Кучук. Так што праблемы пасля той аварыі засталіся. І адначасова з’явілася новая праблема – у Беларусі пабудавана Астравецкая АЭС, якая можа прынесці краіне не меншыя беды, чым Чарнобыльская АЭС, – папярэджвае Зміцер Кучук.  

***

Першае пасяджэнне аргкамітэту па арганізацыі традыцыйнага Чарнобыльскага шляху прайшло ў Менску. У гэтым годзе з моманту катастрофы – 35 гадоў. Таму сябры аргкамітэту, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, якое выявілася пры падрыхтоўцы Дня Волі, маюць намер дабівацца годнага адзначэння гадавіны катастрофы.

Па словах удзельніка аргкамітэту, першага намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакртычнай партыі (Грамада) Аляксея Сігаева, вырашана  спрабаваць правесці масавае мерапрыемства.

– Вырашана, што заяўкі будуць падаваць не ад арганізацый, а ад фізічных асоб, з усімі гэтымі неабходнымі наступствамі, то бок, з заключэннем дамоваў з міліцыяй, з “хуткай” і з камунальнікамі. Паспрабуем прайсці вось гэты шлях і што ўлады скажуць яшчэ раз нам. У пасяджэнні ўдзельнічалі Партыя “Зялёных”, мы, сацыял-дэмакраты, партыя БНФ, Рух салідарнасці “Разам”, а таксама прадстаўнікі ад партыі “Справядлівы свет” і ад БХД. Было злучэнне з прадстаўнікамі штабу Святланы Ціханоўскай. Ад АГП быў Анатоль Лябедзька.

Па словах Аляксея Сігаева, пра фармат Чарнобыльскага шляху, дату яго правядзення гаварыць пакуль заўчасна.  Заяўка ў Менгарвыканкам на правядзенне мерапрыемства будзе пададзена 10 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя