Адказнасць за каментары на сайце будзе на яго ўладальніку



Уладальнікі сайтаў будуць несці адказнасць за некарэктныя каментары карыстальнікаў. Пра гэта заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Паводле міністра, калі каментар будзе ўтрымліваць абразу канкрэтнага грамадзяніна, гэты чалавек можа падаць у суд на яго аўтара.

Таксама Ананіч расказала пра блакіроўку шэрагу сайтаў:

– У першыя дні новага года ўжо грамадзяне звярталіся ў Міністэрства інфармацыі, што на некаторых інтэрнэт-рэсурсах, нягледзячы на ўступленне ў сілу закона аб СМІ, дэкрэта №6, працягвае распаўсюджвацца інфармацыя, якая спрыяе не толькі прапагандзе наркатычных сродкаў, але і іх продажу. І сёння рашэннем Міністэрства інфармацыі да 5 рэсурсаў абмежаваны доступ.

Раней незалежныя медыя-эксперты адзначалі, што пад выглядам, напрыклад, змагання з прапагандай наркотыкаў і гэтак далей улады будуць зачыняць апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы.

На пытанне, ці лічацца сродкамі масавай інфармацыі форумы і блогі, Ананіч адказала, што ўсё, што змяшчае інтэрнэт-рэсурс, з’яўляецца прадукцыяй СМІ. Адказнасць за змест кантэнту ляжыць на ўладальніках інтэрнэт-рэсурсаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота nnm.me