Адкрыцця рэстарацыі „Паедзем, паядзім” не будзе
Абаронцы Курапатаў наведалі Менаблвыканкам і Міністэрства культуры, куды перадалі петыцыі супраць адкрыцця рэстарацыі „Паедзем, паядзім” за 50 метраў ад Курапацкага мемарыялу.
У Менаблвыканкаме з намі сустрэлася намесніца ўпраўлення гандлю Ірына Івановіч, якая сказала, што „на 99% 1-га чэрвеня адкрыцця рэстарацыі не будзе”.
Кажа сустаршыня Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Мы наведалі ўпраўленне гандлю Менаблвыканкама, дзе размаўлялі з намесніцай упраўлення спадарыняй Івановіч. Там нечакана прагучала, што на 99% заўтра не будзе адкрыцця гэтага комплекса. Мы натуральна ставілі ўсюды адно пытанне, бо мы страшна абураныя, што яны збіраюцца яго адкрыць. Патрабавалі ад уладаў скасаваць усе дазволы, і натуральна патрабуем, каб там была не рэстарацыя, а Музей камуністычных рэпрэсій.
1 чэрвеня плануецца адкрыццё рэстарацыі „Паедзем, паядзім” за 50 метраў ад курапацкага мемарыялу ў комплексе будынкаў, які раней атрымаў назву „Бульбаш-хол” і належыць кампаніі „БелРэстІнвэст”.
30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі экстраную нараду „ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол””. Яны вызначылі план дзеянняў на найбліжэйшыя дні. 1 траўня актывісты збіраюцца пікетаваць новую рэстарацыю, а 3 чэрвеня ў Курапатах запланаваны мемарыяльны мітынг, прысвечаны 30-годдзю адкрыцця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя