Адкрыццё беларускага класа ў Баранавічах – праз год
Адкрыццё першага беларускага класа ў Баранавічах адкладваецца на год. Бацькі і дзеткі пагадзіліся на гэта з умовай, каб толькі атрымаць магчымасць на будучы год займацца ў прэстыжных месцах і ў цэнтры горада, кажа адна з арганізатараў беларускага класа, сябра Баранавіцкага таварыства беларускай мовы Таццяна Малашчанка:
– Мы маем толькі адзіную групу, якая прэтэндуе стаць класам. Таму мы можам толькі пагадзіцца на тыя ўмовы, каб знаходзіцца ў цэнтры горада, каб дабірацца бацькам з малымі дзеткамі было лёгка. І таму мы не маглі пагадзіцца на тыя ўмовы, якія прапанаваў выканкам. Сам старшыня сказаў: «Давайце падрыхтуемся на наступны год лепш. Я ведаю, што вам трэба ці сёмая школа, ці чацвёртая гімназія».
Паводле Таццяны Малашчанкі, віны бацькоў і таварыства ў гэтым няма. Сябры таварыства наведвалі шмат разоў дзіцячыя садкі, бацькоўскія сходы па школах, зрабілі рэкламу ў аўтобусах, тройчы наведвалі райвыканкам па гэтым пытанні. Але выдзеленая на ўскрайку горада сярэдняя школы №13 для дзяцей-інвалідаў, у тым ліку разумова адсталых, не задаволіла бацькоў, а ў некаторых адбіла жаданне аддаваць дзяцей у беларускі клас.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы