Адкрыты ліст хрысціян Беларусі
Крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэнне. Біблія, кніга прарока Ераміі
Мы, вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і грамадствам, заяўляем:
Свядомае скажэнне інфармацыі пра вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанні ў судах, дэзынфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і вялікі грэх. Не хлусь, не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго — гэта Божая запаведзь.
Выкарыстанне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна. Маўчаць пра беззаконні — значыць прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне.
«Агіда душы Яго: вочы ганарыстыя, язык хлуслівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, ілжывы сведка, які хлусіць…» (Біблія, Выслоўі).
Узвышаць голас за праўду і справядлівасць — гэта ўнутраная патрэба хрысціян, якія жывуць у адпаведнасці з евангельскім маральным законам і ў згодзе з сумленнем, якое з’яўляецца голасам Божым.
Таму мы, хрысціяне Беларусі, заклікаем кожнага чалавека, які прадстаўляе дзяржаўныя органы, зрабіць усё, што ад вас залежыць, каб:
Спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія мірна выказваюць сваё меркаванне пра сітуацыю ў краіне, што гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі РБ.
Аднавіць законнасць. Для гэтага неабходна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія парушылі законы РБ.
Правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў самыя кароткія тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам РБ. Выбары павінны адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам.
Упэўненыя, што выкананне гэтых патрабаванняў здыме прэтэнзіі грамадзян Беларусі да ўладаў і адновіць грамадскі спакой.
Мы спачуваем усім пацярпелым. Сэрцы хрысціян Беларусі і дзверы нашых цэркваў адчыненыя для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, незалежна ад палітычных перакананняў.
Мы падтрымліваем грамадзян Беларусі, якія рэалізуюць дадзенае Богам і пацверджанае Канстытуцыяй РБ права на свабоду меркаванняў і перакананняў, іх свабоднае выказванне ў рамках закона без ужывання гвалту.
Мы просім кожнага маліцца Богу і рабіць усё, што ад яго залежыць, каб аднавіць мір, згоду і справядлівасць у нашым агульным доме — Беларусі.
Мы заклікаем усіх хрысціян публічна выказацца супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі, таму што маўчанне азначае супрацоўніцтва з прыгнятальнікамі.
P. S. Спіс тых, хто падпісаўся папаўняцца. Падпісаць Адкрыты ліст хрысціян Беларусі можна па спасылцы: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfImbpYPnDzbGpcTw9iRXykkPVQdBsvsZ9ZF9qN8VnebudOMg/viewform
Кантакты: [email protected]