Адкрыўся першы цэнтр дапамогі пацярпелым у ДТЗ



У Менску адкрыўся першы ў краіне цэнтр дапамогі пацярпелым у ДТЗ пацыентам, якія знаходзяцца ў вегетатыўным стане.

Ён створаны на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава ў рамках рэалізацыі мемарандума паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй «Аб узаемаразуменні па пытаннях далейшага развіцця дарожнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь».

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на адкрыцці ўстановы адзначыў, што яе стварэнне – «ініцыятыва неабыякавых людзей». «Цэнтр адкрываецца не на бюджэтныя грошы, а на грошы кампаній, прыватныя ахвяраванні. Гэта паказвае ступень сталення грамадства: мы разумеем, што камусьці цяжэй, чым нам, і ім патрэбна дапамога».

Паводле слоў міністра, мясцовы дабрачынны фонд «Бяспечныя дарогі» пералічыў на стварэнне цэнтра 250 тыс. еўра. На гэтыя грошы былі адрамантаваны памяшканні і закуплены ложкі.

Цэнтр разлічаны на шэсць аднамясцовых палат, у якіх могуць таксама знаходзіцца сваякі пацыентаў. Тут створаны ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з рэабілітацыйным патэнцыялам. Гэта, на думку кіраўніцтва ўстановы, дапаможа ажыццяўляць паўнавартасную рэабілітацыю, распрацоўваць новыя падыходы да медыцынскага паліятыўнага лячэння.

«З’яўленне ў краіне першага цэнтра, дзе будзе аказвацца дапамога пацыентам, якія знаходзяцца ў вегетатыўным стане пасля дарожна-транспартных здарэнняў, гэта прамень надзеі для іх блізкіх. Гэта забеспячэнне годнага догляду і лячэння. На сёння мы абавязаны зрабіць усё, каб палегчыць жыццё гэтых людзей і іх блізкіх», – адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Ён паведаміў, што ў цэнтры будуць аказваць дапамогу і сваякам (псіхалагічная падтрымка і навучанне). «Блізкіх навучаць, як жыць з ляжачымі пацыентамі пасля выпіскі з лякарні, навучаць элементарным аспектам рэабілітацыі такіх пацыентаў, раскажуць, як даглядаць іх, гэта значыць як пераварочваць чалавека, выконваць гігіенічныя працэдуры. Адсутнасць такіх ведаў і навыкаў – гэта сапраўды сурʼёзная праблема, з якой сутыкаюцца гэтыя семʼі», – сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, у 2018 годзе ў ДТЗ пацярпела больш за 3 тыс. чалавек, загінула 549. Штогод каля 2 тыс. чалавек прызнаюцца інвалідамі ад траўмаў, атрыманых у ДТЗ. Каля 3% з іх знаходзяцца ў вельмі цяжкім, вегетатыўным стане. «Такіх людзей у рэспубліцы некалькі дзясяткаў, і знаходжанне ў гэтым цэнтры перыядычна дазволіць крыху зняць вастрыню праблемы. Па меры неабходнасці вопыт цэнтра будзе пашыраны ў рэгіёны», – адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. Ён паведаміў, што далейшая праца цэнтра будзе падтрымлівацца дзяржавай.

БелаПАН