З Дакудава – у “Нёманскі шлях”



Днямі, з наступленнем цеплыні, у вёсцы Дакудава, што на Лідчыне, адкрыўся сезон водных маршрутаў на плытах пад назвай “Нёманскі шлях”. На збудаваннях памерамі 5 на 10 метраў размяшчаецца да 30 чалавек. Падарожжы доўжацца ад 2 да 10 дзён. Сплаўляюцца да 150 км. Паўтарыць поспех аграэкасядзібы не здолеў дагэтуль ніхто ў краіне.

Першапачынальнікі дакудаўскага агратурызму – сямейства Агаркаў, што чвэрць веку таму перабралася сюды з Нарыльску. Паспелі за 9 год існавання набыць трывалыя, у тым ліку, міжнародныя сувязі. Былыя настаўніца гісторыі Святлана ды тэхнік-мэханік Юрый дзеляцца “сакрэтамі” поспеху ды атрыманымі ўрокамі.

Святлана: Сядзіба так і называецца “Дакудава”, бо вельмі зручна ў Internet – калі “два ці дзесяць буслоў”, то надта цяжка знайсці! (сьмяецца ). Набылі няшмат – за кошт крэдыту пабудавалі санвузел, аўтаномную каналізацыю, газу, як і калгасаў, ніколі ўжо не будзе. Крэдыт танны быў, пад 5 %. Прыняць можам няшмат – 6 чалавек. Але, як высветлілася, ня гэта галоўны прыбытак. Асноўнае – сплаў плытоў…”

Юрый: Маршрут – Заходняя Дзвіна, па Нёману і да Дакудава. Намёты свае, нашы плыты. Лета кароткае, жадаючых нямерана. Калі больш 15 чалавек – робім плыты на двух баках, а то і трэці далучаем. Ежу з сабой бяруць, бывае, з сабой чалавека, які рыхтуе. Адбою няма – Менск, Жодзіна, Жлобін, Барысаў, Ліда, Гародня…

Карэспандэнт: Вы раней увайшлі ў грамадскае аб’яднанне “Агра і турызм”…

Святлана: Так, яны супрацоўнічаюць з Белаграпрамбанкам, які на добрай паліграфіі выдае рэкламныя буклеты, а так нам адной пагалоскі хапае – на год наперад замаўляюць …

Карэспандэнт: У штормах былі?

Юрый: Былі! Навесы на цвіках зрываюць! Таму рэчы прыбіваем, бо давай нырца за імі потым, выратавальных камізэлькаў тры дзясяткі. Банна-гарэлачныя турысты да нас не зазіраюць. Тэлефануюць, але мы адказваем, што ў нас іншы “профіль”. У нас сямейны адпачынак з дзецьмі. Едуць з Прыбалтыкі, Краснадарскага краю, Польшчы, Расеі, Нямеччыны, Францыі на тое, што ўбачылі ў Internet – на малако, тварог, масла, рыбалку. Нёман неглыбокі – дзеці без бацькоў могуць пайсці паплаваць. Заказнік журавінавы. Грыбы растуць. З Масквы колькі год таму тата прывёз 9-гадовага сына. Малойцы – устаюць у 9 раніцы і да 9 вечара на роварах па наваколлі…”

Святлана: А што да плытоў – мы застаемся манапалістамі. Напачатку было шмат “калегаў”, што казалі – “зробім лепш, чым у вас”. Аднак гэта складаныя зборна-разборныя канструкцыі. Паліўныя авіябакі, драўляныя палубы і металаканструкцыі, што аб’ядноўваюць усё разам. На сёння ні ў каго ў Беларусі сплаў на плытах па Нёмане ўніз, з усімі прыпынкамі, экскурсіямі больш не атрымаўся. 195 даляраў у суткі, але на плыце 20 чалавек. Усё робяць самі турысты. У Польшчы і Літве такія рэчы значна даражэйшыя. Прыпынкі паесці ў прыбярэжных аграсядзібах, з якімі шчыльна кантачым. Начоўкі – альбо ў хатах, альбо ў намётах на дзікай прыродзе – каму што да спадобы. Кіруецца вёсламі і шастамі ўніз па цячэнні. …

Заангажаваныя Святлана ды Юрый былі ў часе выбарчых кампаній у якасці назіральнікаў: Назіральнікамі былі ад фонду Льва Сапегі, Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Дык на вёсцы ў тыя часы з намі фактычна ніхто не вітаўся, лаяліся. Чуткі распаўсюджваліся, што нам мяхі даляраў давалі. Пыталіся, колькі атрымалі і ці можна ў “вашу брыгаду” запісацца. Зараз, праўда, меркаванне змянілася ў людзей. Сталі пра палітыку гаварыць тое, што мы 5-6-7 год таму. У нас дагэтуль добрыя адносіны з праваабаронцамі  Віцяй Сазонавым, Валодзям Хільмановічам з ТБМ і фонду Льва Сапегі. Увогуле, крызіс, наша знешняя палітыка паўплывала, што замежных турыстаў становіцца менш – яны палохаюцца таго, што там пішуць пра Беларусь! Пытаюць – а ці праўда гэта?

Карэспандэнт: Дакудава стане аграсядзібнай вёскай?

Спадарства: Не думаем – у раёне 27 аграсядзібаў, у сельсавеце – 9. Але не колькасць вырашае сёння – галоўнае, каб былі якасныя прапановы, цікавыя, тады людзі будуць плаціць грошы і нядрэнныя. Наш сусед казаў – дастаткова мне прыняць карпаратыў і месяц жыву. Галоўны мінус усіх сядзібаў, што тут спецыялізуюцца на лазьне-гарэлачным турызме, на які большы спрос. Але такіх кліентаў становіцца ўсё менш…

На двары падышоў да 16-гадовай дачкі Агаркаў Ксюшы:

Карэспандэнт: Ксюша, а ты ў аграсядзібе кім сябе бачыш?

Ксюша: Гаспадыняй! Хачу клумбаў, другі паверх пабудаваць – пакуль мары…

Карэспандэнт: 9 год таму дзяржава без усякіх умоў падтрымлівала наваяўленых аграфірмачоў. Зараз finitа?

Святлана: Фармальная магчымасць узяць крэдыт застаецца. Але тых ўмоў стала невымерна больш. Маё меркаванне такое. Дзяржкантроль зафіксаваў колькі выпадкаў махлярства. Пад дахам аграсядзібаў людзі займаліся прыдарожным сервісам, гатэлямі. Пры гэтым падаткаў плацілі па адной базавай велічыні ў год. За гэта ахвяруем усе. Калі ўчора да нас носа на сунулі СЭС ды падатковая, дык зараз дасылаюць бюракратычныя цыркуляры для абавязковага выканання. Пачалася кампанія. Але ўсё роўна будзем ісці наперад. Школу ў Дакудаве закрылі, не стане працы вартаўніка і ў Юры. . Усё роўна будзем пашырацца. Не паміраць жа!

У залежнасці ад надвор’я агрападарожжы на плытах па “Нёманскаму шляху” доўжацца да верасня, а тое і да кастрычніка. Сямейства Агаркаў запэўнівае, што з наступнага года змогуць прымаць яшчэ на паўсотню чалавек  больш – балазе, заявак хапае…

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара