Адкрываю – заходзіць таварыш з аўтаматам
Паплечніца арыштаванага праваабаронцы Леаніда Судаленкі Марыя Тарасенка знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Валанцёрку “Праваабарончага цэнтра “Вясна” выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання, аднак забаранілі распаўсюджвацца пра дэталі допытаў і іншых працэсуальных дзеянняў.
Муж Марыі Тарасенкі Ігар распавёў, як напярэдадні яе затрымання да іх у кватэру ўварваліся ўзброеныя сілавікі:
– Пастукалі ў дзверы, я паглядзеў у глазок, гляджу нейкі ліхтар гарыць. Адкрываю – заходзіць таварыш з аўтаматам, баявы аўтамат натаўскага ўзору, у масцы-хакі, і з напружаным поглядам заходзіць. Потым заходзіць следчы, тры амапаўцы і яшчэ два амапаўцы былі на калідоры і перыядычна мяняліся. Забралі два жорсткія дыскі і ўсе дакументы, звязаныя з яе дзейнасцю.
Марыя Тарасенка – актывістка незалежнага прафсаюза РЭП. У 2018-2019 гадах яна судзілася з мясцовымі ўладамі на прадмет неканстытуцыйнасці Дэкрэта №3 “Аб садзеянні занятасці насельніцтва”.
Беларускае Радыё Рацыя