Адкуль узяўся смог над Менскам?
Смог над Менскам выклікаў заклапочанасць у жыхароў сталіцы.
Як зазначылі ратавальнікі ў сацсетках, у нядзелю ім літаральна абарвалі тэлефоны з пытаннямі пра пажар. Аднак значных пажараў ні ў Менску, ні ў яго наваколлі не адзначалася.
Метэаролагі патлумачылі, што ў смогу вінаватыя ўмовы надвор’я. Апошнія два дні ў сталіцы быў практычна поўны штыль: хуткасць ветру не перавышала мэтру за секунду. Акрамя таго, у горадзе даўно не было сур’ёзных ападкаў.
Па словах сіноптыкаў, крыніцай смогу на выходных стаў аўтатранспарт, бо большасць прадпрыемстваў у выходныя дні не працуе. Ёсьць спадзяванні, што сітуацыя палепшыцца ў тым выпадку, калі ўзмоцніцца дробны дождж, які ідзе ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле tut.by