Адлічаныя студэнты збіраюць сродкі на навучанне ва Украіне



Грамадская кампанія па падтрымцы адлічаных па палітычных матывах студэнтаў „Даць рэпрэсіям урок” распачынае сацыяльны праект „Капучына ці вышэйшая адукацыя?”

Мэта праекту – сабраць сродкі на вучобу ва ўкраінскім універсітэце на завочным аддзяленні чатыром несправядліва адлічаным студэнтам з Беларусі. Сабраныя сродкі дапамогуць маладым людзям не прыпыняць займацца грамадскай дзейнасцю ў нашай краіне і ўдасканальваць яе праз атрыманне вышэйшай адукацыі.

Таленавітыя і актыўныя маладзёны, якія прагнуць пераменаў у Беларусі, праз сваю грамадска-палітычную дзейнасць былі пазбаўленыя магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю на Радзіме.

Так, Ганну і Дзяніса адлічылі па палітычных матывах, Кацярыну ціскам вымусілі забраць дакументы з ВНУ. Але гэтыя студэнткі і студэнты настроены завяршыць адукацыю і пры гэтым працягваць сваю актыўную грамадска-сацыяльную дзейнасць. Яны любяць Беларусь, не хочуць вывозіць свой патэнцыял у іншыя краіны і ўпэўненыя ў тым, што вышэйшая адукацыя дасць ім магчымасць рабіць сваю справу больш якасна і эфектыўна.

Анісія, Кацярына, Ганна і Дзяніс ужо паступілі на завочнае аддзяленне ў адзін з ўкраінскіх ўніверсітэтаў. Засталося толькі аплаціць навучанне. Усяго 2000 кубкаў кавы, альбо 67 кубкаў штодня, і мара атрымаць вышэйшую адукацыю стане рэальнасцю.

Для якіх мэт патрэбныя грошы?

Паралельна з навучаннем у вузе студэнты распачнуць у Беларусі інфармацыйны праект, у межах якога пазнаёмяць беларускую моладзь (і не толькі) з лепшымі еўрапейскімі практыкамі рэформаў сістэмы адукацыі і студэнцкага самакіравання, якія зараз праходзяць ва Украіне. Яны будуць весці блогі, рабіць інфармацыйныя матэрыялы пра рэформы вышэйшай адукацыі, студэнцкае самакіраванне, правы студэнтаў – усе тое, што можа паспрыяць развіццю студэнскага самакіравання і акадэмістскім свабодам ў Беларусі.

Падтрымаць праэкт можна праз WebMoney: E102855561659

За навінамі праекту можна сацыць у суполцы на Facebook.

паводле spring96.org