«Адметнасць» – крама з нацыянальным каларытам
Ужо сем месяцаў існуе ў Гародні крама з нацыянальным каларытам – «Адметнасць». Яе гаспадары – сужэнцы Верамеенкі. Галоўнай задачай ад самага пачатку сваёй працы яны ставілі прапаноўваць тавары з нацыянальнай тэматыкай і душой, якіх яшчэ бракуе ў горадзе над Нёманам. Пакупнікоў, як у кожным эксклюзіўным буціку, няшмат, кожны ідзе ў краму мэтава. Але прапановы тавараў яшчэ не дастаткова. Пакупнікі хочуць больш разнастайнай прадукцыі.
Кажа Сяргей Верамеенка – гаспадар крамы:
– Канечне ж, раяць людзі. Вось прапаноўвалі заплечнікі, і цяпер у нас ёсць заплечнікі. Ёсць прапанова вырабляць парасонікі. Чаго толькі не прапаноўваюць: ад асадак да намётаў бел-чырвона-белых. Сцяжкі ў нас ёсць: сцяжкі да аўтамабіляў і дзяржаўныя сцягі, якія былі падчас нашай незалежнасці ў 1918 годзе і на пачатку 90-х. Гэтыя сцягі ў нас ёсць.
Крама «Адметнасць» – хіба адзіная беларуская крама, дзе прадаюцца кубкі на прыродную тэматыку. Каля 30 кубкаў серыі беларускіх раслінаў з цытатамі нацыянальных паэтаў. Яе ініцыятаркай была Вольга Верамеенка – жонка гаспадара крамы. Сярод аўтараў радкоў вершаў на кубках ёсць нашыя сучаснікі. Яны ахвотна выкарыстоўваюць кубкі ў мэтах папулярызацыі роднага слова – слова літаратара.
Кажа Сяргей Верамеенка:
– Да нас прыязджаў Антон Сямёнавіч Піліпчык. Гэта беларускі паэт з Бярозаўкі. Вельмі прыемна было тое, што ён да нас прыехаў. Ён сказаў, што будзе выкарыстоўваць гэтыя кубкі для тых вучняў, якія маюць выдатныя адзнакі па беларускай мове. Вось гэты кубак з валошкамі: я б нічога болей не хацеў, каб трошкі гойснуць зноў па полі, дзе цвітуць валошкі.
Крама «Адметнась» працуе штодня на рагу вуліц Кірава і Гараднічанскай у Гародні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя