Адміністратар тэлеграм-канала „Дадзеныя карнікаў Беларусі” — 15-гадовы падлетак



МУС сцвярджае, што ўстаноўленая асоба адміністратара тэлеграм-канала „Дадзеныя карнікаў Беларусі”, дзе публікуецца асабістая інфармацыя пра супрацоўнікаў сілавых структур.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, стваральнікам „дэструктыўнага канала” з’яўляецца 15-гадовы жыхар Добруша (Гомельская вобласць). „Падлетак пацвердзіў, што ў мэсэнджары абнаўляў і размяшчаў інфармацыю пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў рэспублікі, — паведамляе ў тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. — Са слоў непаўналетняга, у жніўні яму напісаў невядомы, прапанаваўшы стварыць і адміністраваць тэлеграм-канал „Дадзеныя карнікаў Беларусі”. Для гэтага не трэба было нічога выдумляць, а толькі рэпосціць звесткі з іншых такіх паблікаў”.

Паводле інфармацыі МУС, школьнік пагадзіўся, але толькі для таго, каб праз рэсурс „атрымліваць шляхам падману грошы ад падпісчыкаў”. „З улікам інфармацыйнай падтрымкі, якую абяцаў суразмоўца, улоў павінен быў апынуцца салідным”, — гаворыцца ў паведамленні.

У МУС сцвярджаюць, што ў сярэдзіне жніўня падлетак стварыў канал, выкарыстоўваючы выдуманае імя, для пераканаўчасці „напампаваў яго ботамі” і пачаў напаўняць дадзенымі аб міліцыянерах і іх сем’ях. Большасць публікацый ён браў з тэлеграм-канала „Карнікі Беларусі”.

„Неўзабаве на канале з’явіліся паведамленні аб аказанні матэрыяльнай дапамогі для развіцця рэсурсу і падтрымкі пацярпелых людзей. Усе сродкі пералічваліся на біткоін-кашалёк адміністратара і ў наступным траціліся ім на ежу, вопратку і забавы. У планах была купля кросавага матацыкла”, — сцвярджае Чамаданава.

У дачыненні да падлетка праводзіцца праверка, яго дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка па фактах паклёпу, публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, незаконнага збору альбо распаўсюджвання інфармацыі аб прыватным жыцці, махлярства. Атрыманыя ў ходзе адміністравання канала грошы пойдуць у даход дзяржавы, паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле інфармацыі Чамаданавай, цяпер праца тэлеграм-канала „Дадзеныя карнікаў Беларусі” кантралюецца праваахоўнікамі. „Устаноўленыя некаторыя падпісчыкі, якія накіроўвалі для публікацыі звесткі пра супрацоўнікаў сілавых структур. Іх дзеянням таксама будзе дадзеная прававая ацэнка. Аператыўная праца па выкрыцці іншых удзельнікаў пабліка працягваецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by