Адміністрацыйная справа Наталлі Гарачкі-Басалыгі адпраўлена на дапрацоўку
Адміністрацыйная справа грамадскай актывісткі Наталлі Гарачкі-Басалыгі судом Цэнтральнага раёну Менску адпраўлена на дапрацоўку. Жанчына была затрыманая 24 сакавіка, перад пачаткам мітынгу-канцэрту ў гонар Дня Волі ў Кіеўскім скверы.
Па яе словах, затрыманне было беспадстаўным і грубым:
– Калі я падыйшла да гэтага ўваходу, там былі міліцыянты, якія абшукавалі людзей, і так, як гэта не патрэбна рабіць. Міліцыянтка лазіла жанчынам у сумкі, гэта ўжо вобшук, а не дагляд. Я звярнулася да міліцыянтаў, каб яны размаўлялі са мной на беларускай мове. Міліцыянт на мяне громка крычаў, хапаў мяне рукамі, хапаў тэлефон. Імя яго ў мяне ёсць. І сказаў, што міліцыянты не размаўляюць на беларускай мове зусім і не павінны гэта рабіць.
Такія паводзіны абурылі Наталлю Гарачку-Басалыгу, якая заявіла, што гэта дыскрымінацыя па моўнай прыналежнасці і за гэта трэба адказваць па закону і нават сама пазваніла ў міліцыю, каб выклікаць супрацоўнікаў для разбіральніцтва. Аднак сама была затрымана і абвінавачана ў дробным хуліганстве. Пад арыштам Наталля Гарачка-Басалыга абвесціла галадоўку, якую трымала амаль трое сутак.
Падчас суду высветліліся супярэчнасці і недакладнасцці ў матэрыялах справы і паказаннях сведкаў — міліцыянтаў, таму матэрыялы справы накіраваны на дапрацоўку.
Беларускае Радыё Рацыя