Адміністрацыйная справа супраць рэдакцыі “Газеты Слонімскай”



У дачыненні да рэдакцыі “Газеты Слонімскай” распачалі справу за распаўсюд звестак, якія «зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” – паведамляе прэс-служба Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

1C20DA20-B2F3-4F2B-9BE0-F87D1AB5B251_w900_r1_s

У дачыненні да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, распачалі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.33 КаАП. Пра гэта даведаўся галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук:

Мяне выклікалі ў Слонімскі раённы аддзел унутраных спраў і паведамілі, што распачата адміністрацыйная справа. Канкрэтна па якім тэксце – мне скажуць пазней, бо я не даваў ім тлумачэнняў па той прычыне, што для мяне гэта было вельмі-вельмі нечакана.

Пакуль вядома, што падставай для справы стаў артыкул «Голос из деревни. Главное, что говорить президент хорошо умеет», які выйшаў у нумары газеты ад 29-га ліпеня. Публікацыя – гэта апытанне жыхароў адной з вёсак у Слонімскім раёне на тэму выбараў:

Я паразмаўляў з аўтарам гэтай публікацыі, у нас ёсць дыктафонны запіс размовы з людзьмі. Тым ня менш, праваахоўныя органы пабачылі гэта і зацікавіліся, і распачалі справу. Наколькі мне вядома, ужо складзены пратаколы на тых людзей, з якімі ішла размова ў артыкуле.

Паводле прэс-службы БАЖ, калі справа дойдзе да суда і рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў – гэта 90 мільёнаў рублёў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя