Адміністрацыйную справу супраць Леаніда Судаленкі могуць спыніць
Адміністрацыйную справу супраць Леаніда Судаленкі, якога вінавацяць у непадпарадкаванні мытнікам, могуць спыніць. Перад судовым пасяджэннем гомельскі праваабаронца заявіў 16 пісьмовых хадайніцтваў, у якіх ён звяртаў увагу на шматлікія парушэнні ягоных правоў і патрабаваў прысутнасці мытнікаў-фігурантаў справы.
У выніку суддзя Цэнтральнага раённага суда Аляксандр Піскуноў накіраваў справу на дапрацоўку.
Леанід Судаленка не разумее, на якой падставе супрацоўнікі Мытнага камітэту ўнеслі яго прозвішча ў чорны спіс:
– 25 жніўня я ехаў цягніком Вільня-Менск, і ў Маладэчне мяне прымушалі выйсці з цягніка для правядзення асабістага дагляду. Як пасля я даведаўся, была дадзеная каманда памежнікамі супрацоўнікам мытні, каб у мяне знайшлі інфармацыю экстрэмісцкага характару. Мне вельмі цікава, чаму без судовай санкцыі мяне залічылі ў экстрэмісты. Таксама я хачу даведацца, як мне выйсці з гэтых баз, што мне зрабіць, каб я не з’яўляўся экстрэмістам.
Ад моманту складання пратаколу прайшло амаль два месяцы, а гэта значыць, што адміністрацыйная справа супраць Леаніда Судаленкі будзе неўзабаве спыненая з-за тэрміна даўніны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель