Адміністрацыя наваполацкай калоніі працягвае ціснуць на палітвязняў
Адміністрацыя наваполацкай калоніі працягвае ціснуць на палітвязняў: Рамана Багнаўца ўтрымлівалі два тыдні ў ШІЗА.

Сястра палітвязня больш за месяц не атрымлівала аніякіх звестак ад брата, які адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі. Днямі яна атрымала ад яго два ліста, у якіх ён піша, што на два тыдні яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Але ён мяркуе, што гэта быў не апошні раз у ШІЗА, і што яго могуць перавесці ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).
Акрамя гэтага, ён паведмляе, што адносіны адміністрацыі калоніі №1 апошнія месяцы пагоршыліся і яна „робіць усё для таго, каб было сорамна за тое, што яны палітвязні”. Раман адзначыў, што ў ШІЗА ажно стварылася чарга з вязняў.
Рамана абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня (арт. 293 КК). Яго асудзілі па «пінскай справе» да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
