Адна з новых вуліц Слоніма будзе насіць імя Язэпа Стаброўскага



У Слоніме запраектаваны новы квартал індывідуальнай забудовы “Косаўскі тракт”, які будзе складацца з пяці новых вуліц. Тапанімічная камісія Слонімскага райвыканкама прапанавала свае назвы новых вуліц: Лесапаркавая, 70-годдзя Перамогі, імя Язэпа Стаброўскага, імя Сяргея Крошына і Гарнізонная. Але слонімцы не пагаджаюцца з назвамі вуліц Лесапаркавая, Гарнізонная і Сяргея Крошына, які служыў у Шчучыне і ў 1986 года разбіўся на самалёце каля вёскі Талькаўшчына, пакінуўшы пасля сябе некалькі разбураных дамоў і прыбудоў у вёсцы. Ды і прычыны падзення самалёта і смерці лётчыка застаюцца пакуль засакрэчанымі. А вось тое, што адна з вуліц Слоніма будзе насіць імя заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея, археолага, гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага (1870-1968) – гэта навіна гараджан парадавала.

Слонімскі райвыкакам звярнуўся праз СМІ да жыхароў Слоніма, каб яны на працягу месяца выказалі думкі і прапановы наконт назваў новых вуліц у Слоніме. Найбольш слонімцы прапануюць, каб вуліцы ў іх родных горадзе насілі імёны знакамітых людзей слонімскай зямлі, такіх напрыклад, як паэт Анатоль Іверс, мастак Антон Карніцкі, кампазітар Антон Валынчык, доктар Андрэй Пракапчук, тэатральны дзеяч Мікалай Варвашэвіч, гісторык Павел Лойка, кіраўнік паўстання на Беларусі 1830-1831 гадоў Міхал Валовіч і іншых вядомых людзей у Беларусі, якія родам былі са Слонімшчыны.

akvartal

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім