Аднагадовых кантрактаў будуць заключаць менш?



Змены ў Працоўны кодэкс, унесеныя законам „Аб змяненні законаў”, дазволяць „выправіць празмерную практыку заключэння аднагадовых кантрактаў”, заявіў на прэс-канферэнцыі 24 ліпеня ў Мінску намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў.

Паводле яго слоў, гэта стала магчымым дзякуючы імплементацыі ў кодэкс норм дэкрэта № 29 ад 26 ліпеня 1999 года „Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны” з некаторымі зменамі. Змены ў ПК, як чакаецца, набудуць моц у канцы студзеня 2020 года.

„Сёння, згодна з дэкрэтам № 29, наймальніку даецца права заключаць з работнікамі кантракты, — нагадаў намеснік міністра. — Наймальнік, па сутнасці, абмежаваны толькі тым, што ён не можа заключыць кантракт на тэрмін меншы, чым адзін год. <…> Практыка паказвае, што дастаткова часта наймальнікі на многіх прадпрыемствах ужываюць такі падыход, калі работнікі працуюць ужо шмат гадоў, але пры гэтым ім з году ў год прапануецца на адзін год працягваць кантракт або заключаць новы кантракт, калі мінаюць пяць гадоў (максімальны тэрмін дзеяння кантракта. — БелаПАН.). Гэта, вядома, не вельмі добра, паколькі трэба, каб работнік адчуваў пэўную сувязь з прадпрыемствам, разумеў, што ён не дачаснік і калі ён працуе добра, то павінен разлічваць на больш важкі і працяглы кантракт”.

Паводле слоў Старавойтава, у новай рэдакцыі ПК захоўваюцца асновы кантрактнай формы найму, а таксама галоўны прынцып працоўных адносін — свабоднае заключэнне кантракта або працоўнага дагавора.

„Гэта азначае, што калі кантракт быў заключаны на год і тэрмін яго скончыўся, то бакі заўсёды маюць магчымасць прыняць для сябе рашэнне, працягваць адносіны ці не. Але цяпер будзе дзейнічаць наступная схема. Работнік прыйшоў на працу, з ім заключылі першы кантракт на год. У далейшым, калі работнік адпрацаваў гэты год і не дапускаў парушэнняў працоўнай дысцыпліны і калі абодва бакі працоўных адносін — наймальнік і работнік — за месяц да заканчэння тэрміну кантракта паведамляюць адзiн аднаму аб тым, што яны хочуць працягваць працоўныя адносіны, то работніку трэба прапаноўваць працягваць кантракт да максімальнага тэрміну. Гэта значыць, калі кантракт быў на год, значыць, трэба прапаноўваць працяг на чатыры гады. Калі кантракт быў, напрыклад, на два гады, то [прапанаваць працяг] на тры гады. Калі першапачаткова кантракт быў заключаны на пяць гадоў, то адразу пойдзе гаворка аб заключэнні новага кантракта”, — растлумачыў чыноўнік.

Аднак калі сам работнік, жадаючы працягваць працоўныя адносіны, не хоча заключаць кантракт на працяглы тэрмін, то, як сказаў намеснік міністра, ён павінен будзе паведаміць наймальніку пра свой намер. Толькі ў гэтым выпадку наймальнік зможа прапанаваць яму працягнуць кантракт на меншы тэрмін, але не меншы за адзін год.

„Такім чынам, я думаю, з аднагадовымі кантрактамі сітуацыя будзе выпраўленая. Мы разлічваем на тое, што практыка аднагадовых кантрактаў, дзесьці празмерная, адыдзе ў мінулае і работнікі, якія сябе зарэкамендавалі, будуць працаваць на прадпрыемствах і ў арганізацыях на падставе больш працяглых кантрактаў”, — падсумаваў Старавойтаў.

Прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху, у прыватнасці Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і прафаб’яднанні, што ўваходзяць у яго склад, неаднаразова крытыкавалі паўсюдную практыку заключэння кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, разглядаючы яе як інструмент уціску грамадзянскай актыўнасці працоўных.

БелаПАН