Аднагодкі школьнікаў распавядуць пра шкоду спайсу
Навучанне ў галіне прадухілення ўжывання спайсу ў форме „роўны – роўнаму” адбываецца ў берасцейскіх школах. Адукацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы трэнераў сярод моладзі, што будуць навучаць сваіх аднагодак, ладзяць прадстаўнікі грамадскага аб’яднання ’”Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”.
Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Драчук распавёў пра асноўныя мэты падрыхтоўкі трэнераў сярод моладзі:
– Яны будуць працаваць па тэме прафілактык ужывання наркотыкаў, у прыватнасці спайсаў, што цяпер вельмі актуальна для горада Берасця і ўсёй Беларусі. Спайсы вельмі хутка распаўсюджваюцца, неяк за апошні год узровень спажывання гэтых наркотыкаў вырас літаральна разоў у дзесяць. Не хацелася б, каб гэта працягвалася, каб не расло ў геаметрычнай прагрэсіі.
„Таксама важна, каб моладзь сама праяўляла актыўнасць, развівала лідарскія якасці, каб яны размаўлялі са сваімі равеснікамі на тэму, чаму не варта ўжываць наркотыкі”, – дадаў Аляксандр Драчук.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце