Аднаўляецца чыгуначнае пасажырскае злучэнне паміж Гародняй і Польшчай



Упершыню з Гародні ў заходнім кірунку будуць курсіраваць вагоны купэйнага тыпу.

sidiaczi_kupejny_wagon (1)

У канцы 2015 гады цягнік на маршруце Беласток – Гародня быў адменены з-за фінансавай нерэнтабельнасці. Дзякуючы грашовай падтрымцы з бюджэту Польшчы, з 4-га верасня 2016 года міжнародны цягнік зноў будзе курсіраваць з Гародні да Беластока і назад. Больш за тое, каб акупіць затраты, маршрут вырашылі падоўжыць не толькі да Варшавы, але і да Кракава.

Расклад цягніка Гародня – Беласток – Варшава – Кракаў:

Гародня 15:32 Кузніца 15:10 (прыбыццё), 16:14 (адпраўленне) Беласток 17:08 Варшава 20:15 Кракаў 23:04

* * *

Кракаў 04:46 Варшава 07:32 Беласток 10:36 Кузніца 11:31 (прыбыццё), 00:44 (адпраўленне) Гродна 14:22

Час мясцовы, летні расклад

Польскі цягнік, які абслугоўвае маршрут да Гародні, упершыню будзе мець камфартабельныя вагоны купэйнага тыпу з сядзеннямі – мяккімі месцамі. Выкарыстанне падобных вагонаў зразумелае, бо „страшненькія” электрычкі, якія да гэтага часу курсіравалі па маршруце Гародня – Беласток, сорамна паказваць у Варшаве або ў перапоўненым турыстамі культурным Кракаве.

poezd_Grodno_Belostok_v_2015_godu

Але выкарыстанне тых цягнікоў таксама было зразумелым. Цягнік фінансава нявыгадны: у Гародні няма такога патоку шукальнікаў прытулку, як на паўднёвых рубяжах Беларусі, дзе цягнік з Берасця на Цярэспаль штодня акупляецца дзякуючы пасажырам-мігрантам з Расеі, якія спрабуюць атрымаць статус бежанцаў у Еўропе. Асноўны кантынгент падарожнікаў на цягніку з Гародні ў Польшчу – гэта ўладальнікі карты паляка, якім у Польшчы прадастаўляецца зніжка ў 37% на праезд цягнікамі, а таксама асобы, якія едуць далей, чым да Беластока.

Яшчэ адной прычынай выкарыстання «дабітых» цягнікоў праз польска-беларускую мяжу была рэгулярная кантрабанда цыгарэт у Польшчу. „Майстравітыя” беларускія хлопцы і нават дзяўчаты разбіралі цягнік і хавалі цыгарэты, змушаючы чыгуначнікаў фактычна быць саўдзельнікамі, а ўсіх пасажыраў – міжвольнымі сведкамі перавозкі кантрабанды.

Зрэшты, пакуль яшчэ камфартабельныя вагоны чакаюць пасажыраў, і з верасня з Гародні можна будзе без перасадак дабрацца да культурна-гістарычнай сталіцы Польшчы – Кракава.

euroby.info

Фота euroby.info