Аднавіць дарогу памяці



Сябры грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” пазначылі на мясцовасці дарогу, якая ў 30-40 годы мінулага стагоддзя вяла з Менска ва ўрочышча Курапаты. У ім былі расстраляныя многія тысячы грамадзянаў, ахвяраў сталінскага рэжыму.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На месцы той дарогі цяпер заараны палетак. Дарогу знішчылі пасля таго, як вакол Менска была пабудавана кальцавая шаша. Але гравійка была настолькі ўтрамбаваная, што яе траса бачная на здымках са спадарожнікаў дагэтуль. І гэтыя здымкі таксама выкарыстоўваліся падчас вызначэння старой дарогі.

Некалькі актывістаў пасярод палетка паміж гандлёвым комплексам „Экспабел” і Курапацкім лесам, па дакладна складзенаму плану, выкарыстоўваючы тэадаліт, рулетку, размячаюць трасу. Яны заганяюць драўляныя калкі ў глебу, ўмацоўваюць іх камянямі. Адлегласць паміж калкамі – гэта і ёсць шырыня „дарогі смерці”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, зараз гэта сімвалічная дарога. А калісьці па ёй, у канцы 30-х напачатку 40-х гадоў „чорныя варанкі” вазілі людзей на расстрэл у Курапаты. Па гэтай дарозе кругласуткава ішлі машыны да дарогі Заслаў’е – Калодзішчы. Потым паварочвалі налева, на поўнач. Даязджалі да Курапатаў. І там, на паўночным баку ўочышча знаходзілася брама. Яны ўязджалі на тэрыторыю за пільна ахоўваемай брамай і  там людзей расстрэльвалі. „І вось зараз мы пазначаем гэтую дарогу на мясцовасці, – распавядае Марат Гаравы. Згодна з пастановай міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года №70, якой былі вызначаны новыя межы ахоўных зонаў Курапатаў. Займаюцца гэтым грамадская ініцыятыва „Эксперты ў абарону Курапатаў” і шэраг выбітных дзеячоў беларускай навукі і мастацва. Яны таксама з’яўляюцца сябрамі рабочай групы па падрыхтоўцы дакументальна-мастацкай выставы „Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. Яе адкрыццё запланавана ў Менску 30 кастрычніка. І гэтыя ж людзі з’яўляюцца сябрамі працоўнай групы па падрыхтоўцы Нацыянальнага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вацлаў Арэшка, сябра гармадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”: „Праца па аднаўленню „дарогі смерці” пачалася даўно. Год назад мы спрабавалі па мапах адзначыць, дзе яна праходзіла і пратаптаць гэтую дарогу на поле. Таму што гэта вельмі важны момант. Добра, што нам удалося дамагчыся ўключэння яе ў ахоўную зону, таму што гэта быў такі „камень преткновения” – знішчэнне гэтай дарогі. І тады ў нас нарадзілася ідэя – не проста пратаптваць яе нагамі, але неяк адзначыць яе мемарыяльнымі знакамі, каб яна з цягам часу ўвайшла ў будучы комплекс мемарыялу, а я спадзяюся, што ён будзе. Зараз мы дакладна, па старых мапах, па спутнікавх мапах, з дапамогай спецыялістаў, вызначылі, як гэтая „дарога смерці” праходзіла. І зараз вызначаем на мясцовасці з дакладнасцю да метра. То бок гэта ўжо не аматарскі падыход – працуем з тэадалітам, з геадэзістам. Наступны крок, пасля таго, як мы адзначым трасу па гэтым полі, таксма будзе важнай задачай. Ніхто на сённяшні дзень дакладна  не можа сказаць, у якім месцы быў уезд у самі Курапаты. Калісьці, калі тут людзей расстрэльвалі, яны былі агароджаны плотам. І з таго боку, ад шашы Заслаў’е – Калодзішчы, была ўяздная брама. І вельмі важна вызначыць, дзе была гэта брама, каб яна таксама была пазначана і таксама магла ў будучым стаць часткай мемарыяла.”

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Марат Гаравы нагадвае, што па старой схеме зонаў аховы, якая дзейнічала з 2004 па 2014 год, у ахоўную зону ўваходзіла толькі частка „дарогі смерці”. Аднак дзякуючы высілкам грамадскасці, у першую чаргу актывістам грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”, цяпер уся „дарога смерці” ўключана ў склад ахоўнай зоны”. Па словах Марата Гаравога, мяжа ахоўнай зоны адлічваецца ад усходняга краю гэтай дарогі – 6 метраў на ўсход.

Вацлаў Арэшка падкрэслівае, што гэта акалічнасць вельмі важная. „Калі пачнецца нейкае будаўніцва па-за межамі ахоўнай зоны, то мы дакладна будзем ведаць, ці не парушаецца яна, ці не парушаюцца, так бы мовіць, „правы Курапатаў”. Гэта нам вельмі дапаможа”, – адзначыў Вацлаў Арэшка.

„Але неабходна не проста адзначыць дарогу”, – кажа Марат Гаравы, – трэба нейкім чынам  увекавечыць гэтую „дарогу смерці”. Таму што гэта ж дарога беларускай трагедыі, дарога беларускай гісторыі, дарога беларускага змагання і пакутаў”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Зінаіда Тарасевіч, былы вязень ГУЛАГу: „Гэта дарога надоўга была, да і цяпер яшчэ яна забыта з боку дзяржавы. Але яна павінна ўвайсці ў гэты вялікі комплекс Курапаты і скласці адзіны некропаль, адзіны комплекс для памяці наступным пакаленням. Так што праведзена вельмі патрэбная, важная праца, каб людзі ведалі сваю гісторыю. Бо людзі ператвараюцца проста ў жывёл, калі не ведаюць гісторыю сваёй краіны. І прыходзяць у тыя ж Курапаты, на месца забойстваў і пахаванняў, каб пасмажыць шашлыкі і папіць гарэлкі. Так што трэба ведаць свай мінулае, якім бы яно не было, сумным ці радасным. А гэта, канешна, сумная страніца была, вельмі сумная”, – кажа Зінаіда Тарасевіч.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Генадзь Барбарыч,  Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара