Адноўленыя “Паўстанцы” – упершыню ў Гародні



Адноўленая версія гульні “Паўстанцы” ўпершыню была прадстаўлена ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Аўтар гульні Антон Янкоўскі дзеліцца сваімі ўражаннямі ад першых прэзентацыяў.

– Ад двух прэзентацый, у Гародні і Менску, засталіся прыемныя ўражанні. Гульня спадабалася людзям, пачулі добрыя водгукі. А яшчэ, як заўсёды, у гульні ёсць нейкая такая аўра, здараюцца сітуацыі, гульнёвыя моманты, такія, якія можна асацыяваць з гісторыяй. У Гародні хацелі аднаго чалавека выкінуць з гульні, усе дамагаліся, шукалі і не маглі гэтага зрабіць. Кожны раз ён проста цудам збягаў. І ў выніку гэта аказаўся Кастусь Каліноўскі. І можа таксама звярнуцца да гісторыі, дзе яго лавілі-лавілі, на паддашках ён хаваўся.

На думку гарадзенцаў, што гралі ў „Паўстанцы” першы раз, гульня пакідае вельмі цікавыя ўражанні.

– Гульня сама па сабе пазітыўная. І плюс карысць у выглядзе гістарычных звестак, якія некаторыя маглі і не ведаць. Ты гуляеш і адначасова даведваешся нешта карыснае.

– Мне вельмі спадабалася гульня. Яна займальная і цікавая. Падобная на мафію. Але тут яна больш глыбокая. Тут больш прысутнічае гісторыя, сюжэт.

Падчас прэзентацыі была прадстаўлена апрача гульні таксама так званая “паўстанцкая біжутэрыя” – цішотікі і іншыя рэчы, звязаныя з паўстаннем 1863 году.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча