Адны салоўку паслухаюць, другія дзеркачовай песні рады
Адзін з класных кіраўнікоў СШ № 8 г.Слоніма раптам пачаў запрашаць у суботу, 1 жніўня, бацькоў і дзяцей на спартыўныя мерапрыемствы. Ідуць школьныя канікулы, а тут раптам… спартыўныя мерапрыемствы. І пачынацца яны будуць не раніцай, як заўсёды, напрыклад, у 9 ці 10 гадзін, а вечарам у 18 і 19 гадзін на школьным стадыёне. Вучні 1-4 класаў у 18 гадзін, а вучні 5-11 класаў у 19 гадзін.
Паўстае пытанне: і чаго гэта раптам слонімскім настаўнікам СШ № 8 прыспічыла займацца спартыўнымі спаборніцтвамі вечарам і на школьным стадыёне? А разгадка вельмі простая. У суботу, 1 жніўня, у Слоніме ў 19 гадзін на стадыёне на вуліцы Чарняхоўскага выступае кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская і яе каманда. І каб неяк утрымаць слонімцаў і іх дзяцей ад сустрэчы са Святланай – настаўнікі з СШ № 8 прыдумалі спартыўныя спаборніцтвы. Адным словам, як у прымаўцы: хто, каб салоўку паслухаць, а хто дзеркачовай песні рад.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя