Аду Райчонак узнагародзілі медалём да 100-годдзя БНР



У Глыбокім медалём да 100-годдзя БНР узнагародзілі грамадскую дзяячку Аду Райчонак з Шаркоўшчыны. Уручыў медаль кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Таксама павіншаваць спадарыню Аду разам з ім прыехаў Аляксей Янукевіч і Андрэй Саротнік. Акрамя медаля Адзе Райчонак падаравалі і альбом “БНР-100”, які на сваіх старонках распавядае пра святкаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і замежжы.

Паводле Ады Райчонак, так сталася, што ў сувязі са станам здароўя яна не змагла наведаць Вільню падчас перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага, калі ўручалі медалі. Але для яе вялікі гонар атрымаць гэты медаль і на беларускай зямлі:

– Гэта вельмі вялікая для мяне ўзнагарода, самая вялікая, якія ў мяне былі на працягу ўсяго майго працоўнага жыцця. Я нават не паверыла сваім вачам, калі ўбачыла сваё прозвішча ў інтэрнэце. Мне ўсё здавалася, што мне даюць авансам. Усе ўзнагароды даюць авансам, каб я яшчэ працавала. Для мяне гэта вялікі-вялікі дзень у маім жыцці. Пэўна я буду памятаць яго да скону.

Як кажа старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, тое, што Ада Эльеўна атрымала гэтую ўзнагароду, для яго больш прыемней, чым яго асабістая ўзнагарода:

– Тое, што Ада Райчонак атрымала і я ўручыў гэтую узнагароду, для мяне гэта і гонар, і давер ад Рады і іншыя станоўчыя ўспрыняцці, эмоцыі. А Адзе Райчонак хацелася б пажадаць, каб у яе хапіла эмоцый і духу, і здароўя на яшчэ большыя здзяйсненні, бо мы ведаем яе заслугі перад Беларуссю.

Медаль да 100-годдзя БНР заснавала Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.  Яна ўручаецца за  заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 года, у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Агулам гэтым медалём узнагароджаныя больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя