Адукацыйнае мерапрыемства “Псіхадапамога 101”



У Менску прайшло мерапрыемства пад назвай “Псіхадапамога 101”. Яго зладзіла нізавая ініцыятыва “Тэндар на гендар”, якая займаецца адукацыяй па трох тэмах:  гендарнай роўнасці, фемінізму ды псіхічным здароўі. Апошняя з іх была абрана шляхам невялікага даследавання, якое паказала, што людзі маюць патрэбу на атрыманне ведаў у гэтым кірунку.

Кажа кіраўнік ініцыятывы Тоні Лашдэн:

– Для нас было вельмі важна агучыць тэму таго, што псіхадапамога ў Беларусі існуе. Гэта практыка, якой можна скарыстацца. Часткова гэта можа быць задарма, часткова – за нейкую аплату. Для нас было важна трансляваць людзям, калі яны адчуваюць, што ў іх ёсць патрэба ў такой дапамозе, то гэтая дапамога тут, побач. І ёсць спецыялісты і спецыялісткі, да якіх можна звярнуцца.

На першай частцы мерапрыемства выступіў з лекцыяй Сяргей Сакалоў, урач-псіхіятр-нарколаг і псіхатэрапеўт. Ён адказаў на пытанні,  калі варта звяртацца па псіхічную дапамогу ды якія шляхі для гэтага існуюць у Беларусі.

А таксама распавёў, што ў параўнанні з другімі хваробамі псіхіятрыячныя дыягназы, на жаль, вельмі стыгматазаваныя:

– Усім зразумела, што калі ў цябе пералом, то трэба хуценька ісці да траўматолага. Пры пнеўманіі  абавязкова трэба піць антыбіётыкі. Калі мы гаворым пра нейкія псіхічныя рэчы, калі чалавек пачынае страчваць памяць, калі ў яго зніжаецца настрой настолькі, што ён не можа працаваць так прадуктыўна, як раней, то ён, па-першае, саромеецца пайсці да спецыяліста, а па-другое, піць таблеткі, антыдэпрэсанты, нейралептыкі, напрыклад, – ён саромеецца свайго дыягназу.

На другой частцы мерапрыемства людзі, якія праходзілі праз тэрапію,  шпіталізацыю ды прыём лекаў у сувязі са сваім псіхічным станам, падзяліліся з іншымі сваім карысным досведам.

“Псіхадапамога 101” праводзілася сумесна з Клубным домам “Открытая Душа”, які займаецца дапамогай людзям з псіхічнымі разладамі, а таксама з прасторай ZAL#2.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск