Адвакат Ганна Бахціна абскардзіла ў судзе рашэнне Мінюста
Адвакат Ганна Бахціна абскардзіла рашэнне Міністэрства юстыцыі Беларусі аб пазбаўленні яе адвакацкай ліцэнзіі.
Скарга ў суд Маскоўскага раёна Менска была накіраваная 26 верасня па пошце, паведаміла БелаПАН Бахціна. „Прашу прызнаць гэтую пастанову, вынесеную Міністэрствам юстыцыі 14 верасня, незаконнай і неабгрунтаванай. Прашу таксама прыпыніць выкананне гэтай пастановы да прыняцця рашэння суда і ўваходжання яго ў законную сілу”, — расказала адвакат.
12 верасня кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі падчас пазачарговай атэстацыі адвакатаў прызнала Бахціну „недастаткова кваліфікаванай”. 14 верасня Мінюст на падставе заключэнняў кваліфікацыйнай камісіі прыняў рашэнне аб спыненні дзеяння выдадзенай Бахціной ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.
Ганна Бахціна звязвае рашэнне Мінюста з тым, што яна абараняла блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама Міраслава Лазоўскага, фігуранта яшчэ не завершанай справы „Белага легіёна”.
Бахціна — вядомы ў Беларусі спецыяліст з 13-гадовым пракурорскім стажам і 25-гадовым стажам адвакацкай дзейнасці. Апошнія дзесяць гадоў яна абараняла многіх фігурантаў рэзанансных спраў з палітычнай афарбоўкай. У прыватнасці выкладала інтарэсы Эніры Браніцкай, абвінавачанай у 2006 годзе ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі — аб’яднання назіральнікаў за выбарамі „Партнёрства”, журналісткі Ірыны Халіп — у справе аб масавых беспарадках пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, стваральніка вострасацыяльнага рэсурсу 1863x.com Эдуарда Пальчыса.