Адвакат: Ігар Лосік, які выходзіць з галадоўкі, адчувае сябе здавальняюча



Палітзняволенага Ігара Лосіка, які выходзіць з галадоўкі, у турме наведаў лекар, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лепрэтар.

Раней жонка Лосіка Дар’я заявіла, што з 25 студзеня, калі ён абвясціў аб выхадзе з галадоўкі, якая доўжылася 42 дні, і да 2 лютага медыкі ні разу не прыходзілі да Ігара ў камеру.

„Адчувае ён сябе здавальняюча, паступова выходзіць з галадоўкі, на праблемы са здароўем не скардзіцца, — сказаў адвакат. — З нашай размовы я зразумеў, што ў мінулую пятніцу (5 лютага) да яго прыходзіў лекар, апытаў на прадмет скаргаў, вымераў ціск”.

Лепрэтар дадаў, што кіраўніцтва турмы дазволіла перадаваць Лосіку неабходныя медыкаменты. „Усё, што было неабходна, Дар’я, наколькі я ведаю, перадала”, — адзначыў абаронца.

Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года, ён прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітзняволеным. Лосіка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што яму выстаўленае новае абвінавачанне — па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Блогер віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушаная спыніць галадоўку. Галадоўка Лосіка доўжылася 42 дні. Яна выклікала вялікі рэзананс і хвалю салідарнасці. У другой палове студзеня да галадоўкі далучыліся некалькі чалавек, два святары падалі ў Следчы камітэт хадайніцтва аб асабістай паруцы ў дачыненні да Лосіка. Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы блогеру захаваць жыццё.

23 студзеня менчане і жыхары іншых гарадоў краіны, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой правялі акцыі ў падтрымку Лосіка з патрабаваннем вызвалення яго і астатніх палітзняволеных.

У апошнія тыдні галадоўкі, паводле інфармацыі адваката, стан здароўя блогера пагоршыўся: з’явіліся праблемы з артэрыяльным ціскам, шум у галаве.

25 студзеня праз абаронцу Лосік перадаў, што вырашыў спыніць галадоўку. „Я не прымаў ежу больш за сорак дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўразіла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым”, — цытаваў блогера тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу”.

belapan.by