Адвакат Ілья Салей вызвалены з СІЗА КДБ



Адвакат Ілья Салей вызвалены з СІЗА КДБ, вынікае з паведамлення партала tut.by.

Як відаць, яму змененая мера стрымання.

„Жыхары дома кажуць, што Ілья Салей прыехаў каля 19.00 пятніцы ў суправаджэнні бацькоў. Ужо пасля 23.00 у кватэру да Салея прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. Былі яны там і сёння днём. Суседзі мяркуюць, што такім чынам сілавікі кантралююць, ці дома знаходзіцца Ілья”, — паведамляе tut.by.

Ілья Салей, адзін з адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай, быў затрыманы 9 верасня. Праз дзевяць дзён яму было выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). 24 верасня Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі на меру стрымання ў дачыненні да Салея.

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

10 кастрычніка Салей быў адным з удзельнікаў размовы палітвязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, з Аляксандрам Лукашэнкам. На наступны дзень двум удзельнікам — члену ініцыятыўнай групы былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Юрыю Васкрасенскаму і дырэктару ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрыю Рабцэвічу — была змененая мера стрымання. Васкрасенскі пасля вызвалення заявіў дзяржканалу „Беларусь 1”, што размова з Лукашэнкам была „ядзернай бомбай”, а Рабцэвіч расказаў аб намеры пабудаваць кампанію ў Парку высокіх тэхналогій.

belapan.by