Адвакат наведаў Наталлю Хершэ ў турме
У магілёўскай турме не дазволілі перадаць медычны прэпарат грамадзянцы Швейцарыі, палітзняволенай Наталлі Хершэ, у якой пачалі інтэнсіўна выпадаць валасы.

Пра гэта паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян.
Прэпарат застаўся пакуль у адваката, які ўчора, у дзень нараджэння палітзняволенай, наведваў яе ў турме.
„Сёння я перадаў у швейцарскую амбасаду каардынаты гінеколага, які раней лекаваў Наталлю ў Швейцарыі. Амбасада з ім звяжацца і потым дашле медычную дакументацыю, дзе будзе прапісана, што Наталля атрымлівала курс гарманальнай тэрапіі. Застаецца толькі такі варыянт, — кажа Генадзь. — Дыпламаты перакладуць гэты дакумент, завераць пячаткай, і я хутка праз адваката перадам яго ў турму, каб сястры дазволілі прымаць гэты гармон, які я ўжо перадаў, але ён пакуль знаходзіцца ў адваката».
Беларускае Радыё Рацыя
