Адвакат распавяла пра стан затрыманага Мікалая Дзядка
Адвакат распавяла пра стан затрыманага блогера і журналіста Мікалая Дзядка. Паводле адваката, у затрыманага – траўмы ад кайданкоў на руках, вялізныя сінякі на сцёгнах і спіне.
Блогер і журналіст “Новага Часу” Мікалай Дзядок быў затрыманы ў пасёлку Сасновы па-за Менскам. На відэа, якое было распаўсюджана МУС, бачна, што Дзядок збіты. Яго адвакат Наталля Мацкевіч паведаміла, што заявіла хадайніцтва аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы ў дачыненні да Дзядка.
Цяпер затрыманы знаходзіцца ў СІЗА-1 Менска на Валадарскага. Са слоў Мікалая, 11 лістапада каля 23-й гадзіны да яго ў кватэру на другім паверсе, разбіўшы акно, уварваліся сем сілавікоў у масках, захапілі яго, і ўжывалі фізічны гвалт і спецсродкі, пакуль не дамагліся “прызнанняў” на камеру.
На сёння адвакату вядома толькі тое, што было ў паведамленні МУС, паводле якога Дзядок “актыўна адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал, дзе публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках”.
Беларускае Радыё Рацыя