Адвакат сустрэлася з Раманам Пратасевічам
Адвакат Рамана Пратасевіча Інэса Аленская 27 траўня сустрэлася са сваім падабаронным.
Як заявіла БелаПАН абаронца, у Пратасевіча „ўсё добра, ён бадзёры, пазітыўны і вясёлы, хвалявацца няма чаго”.
З-за падпіскі аб невыдаванні адвакат, паводле яе слоў, не можа сказаць, дзе менавіта знаходзіцца Пратасевіч і ў якім статусе. „Аб’ём звестак, якія я не магу выдаваць, мне не даведзены, таму больш нічога не магу паведамляць”, — сказала Аленская.
Журналіст і актывіст Раман Пратасевіч, які пражываў у Літве і Польшчы, быў затрыманы беларускімі ўладамі 23 траўня пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук і ўнесены ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Беларускія праваабаронцы прызналі Пратасевіча палітвязнем.
У сувязі з інцыдэнтам Еўразвяз абвясціў аб падрыхтоўцы сектаральных санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска, практычна спыненыя авіязносіны.