Адвакат сустрэлася з затрыманым журналістам Андрэем Аляксандравым
Адвакат затрыманага журналіста Андрэя Аляксандрава Вольга Карпушонак змагла сустрэцца з падабаронным падчас допыту ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Менску.
«Андрэй жывы-здаровы, умовы нармальныя, ціску не аказваюць», – паведаміла БелаПАН адвакат. Паводле яе слоў, cёння мінае трое сутак з моманту затрымання, пасля чаго Аляксандрава павінны адпусціць альбо пакінуць пад вартай.
Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня як падазраваны па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
«Указаны грамадзянін затрыманы ў сувязі з усталяваннем датычнасці да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія адбыліся на тэрыторыі Менска», – паведаміла БелаПАН на наступны дзень афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Кацярына Гарлінская.
Затрыманая таксама дзяўчына Аляксандрава Ірына Злобіна.
Напярэдадні ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў ператрус. Канфіскавана частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).
Беларускае Радыё Рацыя