Адвакат Віталя Шклярава: У СК інфармацыю пра змену яму меры стрымання не пацвердзілі



Антон Гашынскі, адвакат паліттэхнолага Віталя Шклярава, які ўдзельнічаў у перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка, пакуль не ведае, дзе ў дадзены момант знаходзіцца яго падабаронны. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН.

Пра тое, што Шкляраву змененая мера стрымання са знаходжання пад вартай на хатні арышт пад асабістую паруку Юрыя Васкрасенскага — сябра ініцыятыўнай групы былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, паведаміла сёння раніцай „Новая газета”.

Адвакат Шклярава пацвердзіў БелаПАН, што яго падабароннага ў СІЗА на вуліцы Валадарскага няма. 

Палітычны кансультант Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня ў Гомелі, куды прыехаў наведаць маці. Паліттэхнолаг праходзіў падазраваным па справе ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Шкляраву выстаўленае абвінавачванне на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Першапачаткова пра затрыманне Шклярава паведаміў дзяржаўны тэлеканал ОНТ. У сюжэце прагучала, што, „паводле версіі спецслужбаў, ён кансультаваў адміністратара груп у розных сацыяльных сетках, аб’яднаных агульнай назвай „Краіна для жыцця”. Праект „Краіна для жыцця” быў арганізаваны Сяргеем Ціханоўскім (мужам кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай), які цяпер знаходзіцца ў сталічным СІЗА і абвінавачваецца ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў „арганізацыі масавых беспарадкаў”.

Пазней маці Віталя Ніна Шклярава ў каментары БелаПАН адмаўляла, што яе сын мог працаваць са штабам Ціханоўскай. „Ён прыехаў да мяне як звычайна, прывёз унука на лета, ні з якой Ціханоўскай ён не працаваў, гэта проста глупства!” — заявіла маці Шклярава.

4 жніўня суд разгледзеў скаргу на затрыманне Шклярава, але пакінуў яе без задавальнення.

7 жніўня стала вядома, што Шкляраву выстаўленае абвінавачванне на падставе ч. 1 арт. 342 КК, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Тады ж адвакат заявіў, што яго падабаронны не прызнае віны, а таксама скардзіцца на націск з боку адміністрацыі следчага ізалятара.

8 жніўня беларускія праваабаронцы абвясцілі Віталя Шклярава палітвязнем.

29 верасня яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Паводле слоў адваката Антона Гашынскага, следства палічыла, што наяўнасць амерыканскага пашпарта дазволіць Шкляраву з’ехаць з краіны і ўцячы ад правасуддзя.

Еўрапейская асацыяцыя палітычных кансультантаў, членам якой з’яўляецца Шкляраў, запатрабавала ад уладаў Беларусі яго вызвалення. „Віталь Шкляраў — вельмі сур’ёзны і дасведчаны палітычны кансультант, у мінулым працаваў з Ангелай Меркель, а таксама ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кампаніі Барака Абамы”, — гаварылася ў заяве ЕАПК. Члены асацыяцыі запатрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі неадкладна вызваліць паліткансультанта, а таксама заклікалі агульнаеўрапейскія дэмакратычныя сілы спрыяць вызваленню іх калегі.

belapan.by