Адваката Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі пазбаўляюць ліцэнзіі
Аляксандра Пыльчанку — абаронцу Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі — пазбаўляюць ліцэнзіі.
Як паведаміў БелаПАН адвакат, 7 кастрычніка ў Міністэрстве юстыцыі яму было ўручанае „апавяшчэнне аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі”.
„Разглядацца гэтае пытанне будзе 15 кастрычніка ў 12 гадзін на пасяджэнні кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі”, — сказаў Пыльчанка.
Паводле слоў адваката, пакуль сутнасць абвінавачанняў яму дакладна невядомая. 9 кастрычніка ён азнаёміцца з матэрыяламі, якія паслужылі падставай для разгляду пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі.
