Адвакатцы Сцяпана Латыпава ў судзе стала кепска
Працэс над Сцяпанам Латыпавым, які працягнуўся сёння ў судзе Савецкага раёна Менска, зноў перапынены. Гэтым разам — праз стан абаронцы Латыпава.
Гэтым разам на ўваходзе ў будынак суда быў узмоцнены дагляд. Даглядаюць цяпер знізу і каля турнікетаў перад залай. У адваката праверылі ўсе рэчы, прамацалі. Яна намагалася высветліць, з якой гэта нагоды, пайшла да старшыні суда.
Адвакатка Латыпава адразу папрасіла перапынак. Яна паспела сказаць, што кепска сябе адчувае, а потым страціла прытомнасць. З залі адразу выдалілі ўсіх гледачоў і выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі прыехалі ў суд.
41-гадовы Сцяпан Латыпаў — жыхар «Плошчы Перамен», прамысловы альпініст, дырэктар фірмы «Беларбо». Яго затрымалі 15 верасня каля мурала з «дыджэямі перамен». Праз некалькі дзён на дзяржтэлебачанні выйшлі сюжэты пра тое, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць атруту, каб цкаваць міліцыянтаў, але ў справе гэтых абвінавачанняў не аказалася. Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах: «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1, 2 арт. 342), «Супраціў міліцыі» (ч. 2 арт. 363) і «Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 ).