Адвакату Іллі Салею змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад



 Юрысту штаба Віктара Бабарыкі адвакату Іллі Салею змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад, паведаміў БелаПАН яго бацька адвакат Васіль Салей.

Паводле яго слоў, Ілля застаецца ў статусе абвінавачанага на падставе артыкула 361 Крымінальнага кодэкса і абавязаны з’яўляцца на выклік следчых органаў і суда. „Меру стрымання яму змянілі 15 красавіка. Цяпер ён можа хадзіць на працу, перасоўвацца па тэрыторыі краіны, мець зносіны з неабмежаваным колам асоб. Хутчэй за ўсё, у панядзелак ужо будзе на працоўным месцы”, — сказаў Салей-старэйшы.

На пытанне, ці можа Ілля працягнуць абарону Марыі Калеснікавай, адвакатам якой ён быў да затрымання і арышту, Салей-старэйшы адказаў: „Думаю, не, бо яны абодва праходзяць па адной крымінальнай справе”.

Паводле слоў Васіля Салея, настрой у Іллі прыўзняты, са здароўем усё нармальна. „Трохі схуднеў, але ў цэлым у форме”, — дадаў ён.

16 красавіка шасцімесячны тэрмін хатняга арышту Іллі Салея мінае. Гэта максімальны тэрмін, на працягу якога ён мог знаходзіцца пад такой мерай стрымання, зыходзячы з цяжару абвінавачання, растлумачыў адвакат.

Ілля Салей быў затрыманы 9 верасня 2020 года. Праз дзевяць дзён яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

Салей прысутнічаў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка. Неўзабаве пасля гэтага з-за кратаў выйшлі некалькі яе ўдзельнікаў, а Салею 16 кастрычніка змянілі меру стрымання з утрымання пад вартай на хатні арышт. 20 лютага стала вядома, што Ілля застанецца пад хатнім арыштам яшчэ на два месяцы — да 16 красавіка.

belapan.by