Адвакаты Максім Знак і Людміла Казак — лаўрэаты прэміі Lawyers for Lawyers 2021
Улады Беларусі раней забралі ў Казак і Знака адвакацкія ліцэнзіі.
Цяпер Максім Знак адбывае 10-гадовае турэмнае пакаранне, што яму прысудзілі 6 верасня. Ён быў адвакатам іншага палітзняволенага — Віктара Бабарыкі. Арыштавалі Знака ў верасні 2020 году.
Людміла Казак бараніла Марыю Калеснікаву, пакуль 19 лютага на паседжанні калегіі Міністэрства юстыцыі яе не пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
Пра ўручэнне прэміі былым абаронцам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай паведаміла журы прэміі.
«Узнагароджваючы Максіма Знака і Людмілу Казак прэміяй, журы хоча адзначаць важную працу абаіх юрыстаў, якія смела прадстаўлялі беларускіх праваабаронцаў і лідараў апазыцыі і плацяць за сваю працу высокую цану. Гэтай прэміяй журы таксама хоча прыцягнуць увагу да іншых беларускіх юрыстаў, якія зазнавалі ціск, перасьлед і запалохванне ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году», — адзначыла журы прэміі.
Прэмію ўручаць у Амстэрдаме 18 лістапада 2021 году.
Прэміяй Lawyers for Lawyers уганароўваюць юрыстаў, якія зрабілі заўважны ўнёсак у абарону законнасці, правоў чалавека ў няпростых умовах. Пераможцы атрымліваюць спецыяльны знак і 10 тысяч эўра. Першую прэмію ўручылі ў 2011 годзе юрысту з Зімбабвэ, таксама лаўрэатамі былі юрысты з Расеі, Калумбіі, Тайланду і Турэччыны.
Па стане на жнівень колькасць адвакатаў, пазбаўленых права на практыку ў Беларусі, наблізілася да 30 чалавек. Усе яны абаранялі інтарэсы палітзняволеных. Сярод адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі, — абаронца Віктара Бабарыкі Дзмітры Лаеўскі, былыя адвакаты сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай — Аляксандр Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, які абараняў яшчэ аднаго сябра прэзідыюму КР Максіма Знака, і іншыя, у тым ліку сам Знак і Людміла Казак.