Адвакаты Віктара Бабарыкі хадайнічаюць пра змену яму меры стрымання



Адвакаты прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі падалі хадайніцтва пра змену яму меры стрымання на дамашні арышт. Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» адзін з абаронцаў Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Раней яны з калегай Наталляй Мацкевіч падалі генеральнаму пракурору скаргу на правядзенне двух следчых дзеянняў са сваім падабаронным – 7 і 8 ліпеня. Якія менавіта следчыя дзеянні і абставіны маюцца на ўвазе, адвакат не ўдакладніў, спаслаўшыся на падпіску пра не выдаванне. Аднак растлумачыў, што яны абскарджаныя «па матывах адсутнасці прадугледжаных Крымінальна-працэсуальным кодэксам падстаў для іх правядзення». «Гэта значыць, пытанне ставіцца пра тое, што следчыя дзеянні праведзеныя з парушэннем КПК, таму іх вынікі не маюць юрыдычнай сілы», – дадаў Лаеўскі.

Напярэдадні абарона Віктара Бабарыкі падала таксама на імя генпракурора скаргу на пастанову аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага.

Беларускае Радыё Рацыя