Адвакаты зноў не змаглі сустрэцца з Сафіяй Сапегай



Адвакаты грамадзянкі РФ Сафіі Сапегі, затрыманай разам з блогерам і актывістам Раманам Пратасевічам, 27 траўня зноў не змаглі ўбачыцца з падабароннай.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Аляксандр Філановіч, прычынай немагчымасці сустрэчы абаронцам назвалі недахоп кабінетаў для спатканняў у СІЗА КДБ.

28 траўня адвакаты зноў паспрабуюць наведаць Сапегу.

Таксама Філановіч адзначыў, што сёння абарона падала заяву аб азнаямленні з матэрыяламі справы, аднак атрымала адказ, што зрабіць гэта можна будзе толькі заўтра.

Акрамя таго, адвакат паведаміў, што заўтра ў судзе Партызанскага раёна Менска адбудзецца судовае пасяджэнне па скарзе на затрыманне Сапегі.

23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за паведамлення аб бомбе на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік ВПС Беларусі МіГ-29.

Пазней паведамленне пра бомбу не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю.

belapan.by