Адзіночны пікет у кабіне аўто?
У Рэчыцы на прадпрымальніка склалі пратакол за нацыянальны сцяг у кабіне грузавіка, распавядае Палеская вясна.
25 лістапада аўтаэвакуатар прадпрымальніка Дзяніса Шылянка стаяў на паркоўцы каля гіпермаркету. Гаспадара ў ім не было. У кабіне машыны быў бачны беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Раней Дзяніс Шылянок браў удзел у мірных сходах, дзе выказваў свае меркаванні. За гэта ўлады двойчы арыштоўвалі Дзяніса і трымалі ў вязніцы. Таксама на яго складалі пратакол за тое, што ехаў гарадской вуліцай з нацыянальным сцягам на ровары.
10 снежня участковы інспектар міліцыі, маёр Віталь Скрыпчанка склаў на Дзяніса Шылянка чарговы пратакол паводле часткі 3 «народнага» артыкула 23.34. У ім міліцыянт сцвярджае, што Дзяніс Шылянок «наўмысна правёў адзіночны пікет без адпаведнага дазволу Рэчыцкага райвыканкама, не звязаны з выбарчай кампаніяй, чым парушыў артыкул 10 Закона РБ № 114-З ад 30.12.97» (закон «Аб масавых мерапрыемствах»).
Прычым, зрабіў гэта Дзяніс Шылянок, паводле сцвярджэння Віталя Скрыпчанкі, наступным чынам: «25.11.2020 у 11.57 у г. Рэчыца па вуліцы Пралетарская, 118 на аўтастаянцы крамы “Еўраопт”, для публічнай дэманстрацыі вывесіў у кабіне а/м “Мерседэс-Бэнц” на агульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасці з укладаннямі закона РБ ад 26.05.2012 “Аб афіцыйных геральдычных сімвалах”, бел-чырвона-белы сцяг у цэнтры якога размешчаны герб “Пагоня”».
Дата суда паводле гэтай адміністрацыйнай справы пакуль невядомая.
Дзяніс Шылянок артымаў таксама позву ў РАУС на 15 снежня. Ён мяркуе, што там на яго складуць яшчэ адзін пратакол за падобны «пікет» і, магчыма, затрымаюць.